БЕЛ Ł РУС

У Гродне таксіст збіў сабаку і паехаў. Жывёліне дапамагаюць добрыя гараджане

3.03.2025 / 16:46

Nashaniva.com

Вечарам 2 сакавіка ў гродзенскім двары кіроўца таксі збіў сабаку. Цяпер яму дапамагаюць мясцовыя жыхары, распавядае «Авто Гродно».

Пацярпелага сабаку адразу заўважылі гараджане. Машыну кіроўцы паспелі сфатаграфаваць, а выццё сабакі пачуў гарадзенец Андрэй.

«Сабака так гучна крычаў ад болю, што нават мой кот Цімафей стаў шустра бегаць па кватэры ў спробах зразумець, хто так крычыць. Я выйшаў на вуліцу з вадой і ежай. Каля сабакі ўжо былі добрыя людзі, якія сталі дапамагаць жывёліне, а яшчэ і нумар аўтамабіля таксі запісалі», — расказаў ён.

Адна маладая пара адвезла сабаку ў клініку на вуліцы Суворава — заплаціла за абследаванне і ўколы. У чарзе да лекара іх хутка прапусцілі.

Аказалася, што ў сабакі зламанае сцягно і патрэбна аперацыя. Гэтую аплату вырашылі паспрабаваць зрабіць праз арганізацыю «Адданае сэрца». На бланках у клініцы сабаку прыдумалі мянушку — Алы.

Цяпер Алы жыве ў Андрэя на ператрымцы, але мужчына просіць адгукнуцца ўладальнікаў жывёлы ці тых, хто гатовы дапамагчы.

«Сёння вечарам будзем спрабаваць праапераваць. Ветэрынарны хірург у нас у горадзе, аказваецца, адзін, і ён нарасхват», — тлумачыць гарадзенец.

Чытайце таксама:

У Гродне знайшлі сабаку, які з раніцы катаўся на тралейбусах

«Іх сабакі брэшуць па начах, палохаюць дзяцей». Жыхары шматпавярховіка ў Мінску скардзяцца на суседзяў, што пераехалі з прыватнага дома

У цэнтры Мінска людзі выгульвалі сабак проста па лёдзе Свіслачы. Іх ганялі ратавальнікі

Каментары да артыкула