Дачка гродзенскага сілавіка закрыла свой блог з непальскай турмы
Пасля таго, як беларускія медыі звярнулі ўвагу на турэмны блог гродзенкі Аліны Алдошынай, якая адбывае тэрмін у непальскай турме за спробу перавезці 6 кг какаіну, дзяўчына выдаліла з сацсетак публікацыі, звязаныя з турэмным побытам, піша Hrodna.life.
Аліна Алдошына. Фота: сацсеткі
Пра ўмовы ўтрымання ў непальскай турме Алдошына расказвала спачатку ў Threads, а затым у тэлеграм-канале «Узница Непала». Тыдзень таму гродзенка апублікавала ў Threads пост, у якім паведаміла, што пакуль не будзе весці канал. У каментарах Алдошына дадала, што будзе на сувязі, але «без турэмнага кантэнту».
«Я не хачу, каб згадка пра маю сям’ю была ў СМІ ў РБ», — дадала гродзенка.
Тэлеграм-канал «Узница Непала» у адкрытым доступе праіснаваў суткі — пасля Алдошына схавала кантэнт. Інстаграм-акаўнт гродзенкі актыўны, аднак схаваны ад карыстальнікаў, якія на яе не падпісаныя.
Закрыты інстаграм Аліны Алдошынай. Скрыншот Hrodna.life
Пра Аліну Алдошыну стала вядома яшчэ ў канцы 2019 года. Тады яна, дачка тагачаснага першага намесніка начальніка міліцыі Ленінскага раёна Гродна Аляксея Алдошына, была арыштаваная ў аэрапорце Катманду з 6 кілаграмамі какаіну, схаванага ў зімовай куртцы. Разам з ёй быў затрыманы яе сябар Павел Васільеў. Абодвум далі па 15 гадоў зняволення.
Чытайце таксама:
Дачка міліцэйскага начальніка з Гродна расказала, як сядзіць у турме ў Непале прысуджаныя 15 гадоў
Алексіевіч пра вызваленне палітвязняў: Трэба размаўляць з Лукашэнкам