БЕЛ Ł РУС

Беларуска пакінула сына ў Tesla — і трапіла ў міграцыйную турму ў ЗША. Праз паўгода яе нарэшце вызвалілі

15.11.2025 / 23:16

Nashaniva.com

Беларуска Вераніка Казлоўская, якая жыве ў ЗША, трапіла ў іміграцыйную турму пасля таго, як у маі 2025 года пакінула трохмесячнага сына ў машыне Tesla з уключаным клімат-кантролем, пакуль разгружала рэчы каля дома. Адзін з мінакоў паведаміў у паліцыю і сітуацыю расцанілі як пакіданне дзіцяці ў небяспецы. Гэтая гісторыя скончылася, прытым пазітыўна, толькі цяпер.

Вераніка Казлоўская ў самалёце па дарозе дахаты. Фота: facebook.com/roland.christy

Пасля таго інцыдэнту Вераніку арыштавалі, і хоць пракуратура штата Фларыда пазней вырашыла, што яна ні ў чым не вінаватая і нават не стала выстаўляць абвінавачанне, федэральная міграцыйная служба ICE не адклікала прадпісанне аб яе затрыманні. У выніку жанчыну перавезлі ў іміграцыйную турму ў Нью-Мексіка за больш як тры тысячы кіламетраў ад яе дому, апісвала гісторыю раней «Люстэрка».

Статус Веранікі Казлоўскай у ЗША на той момант быў «на разглядзе»: у 2017 годзе яна прыехала разам з першым мужам і падала на палітычны прытулак. Разгляд справы зацягнуўся, а такі нявызначаны статус рабіў яе ўразлівай перад ICE. На думку самой Веранікі, яе гісторыя стала вынікам больш жорсткай у параўнанні з папярэднікамі міграцыйнай палітыкі адміністрацыі Дональда Трампа.

У гэтай сям'і трое дзяцей, і муж Веранікі Роланд падчас зняволення жонкі выхоўваў іх адзін. Прытым сям'я сутыкнулася з вялікімі фінансавымі цяжкасцямі: на адвакатаў і судовыя выдаткі пайшло 30 тысяч даляраў.

Цяпер, здаецца, у гэтай гісторыі адбыўся хэпі-энд: муж Веранікі напісаў у фэйсбуку, што ягоная жонка нарэшце выйшла на волю. 

«Калі я ўбачыў яе фатаграфію з самалёта, калі яна сядзела каля акна, ціхая, стомленая, але жывая…

Калі я зразумеў, што гэтыя дзверы detention-цэнтра зачыніліся за яе спінай назаўжды…

Калі ўсвядоміў, што яна дыхае вольным паветрам і зноў можа проста глядзець на неба, менавіта тады нешта ўнутры мяне адпусціла ўпершыню за паўгода.

Не перамога. Не радасць. А вяртанне жыцця», — напісаў Роланд.

Вераніка Казлоўская ўпершыню за паўгода ўзяла на рукі сына. Фота: facebook.com/roland.christy

Ён выказаў падзяку за падтрымку і дапамогу Офісу Святланы Ціханоўскай, Асацыяцыі беларусаў Амерыкі, Амерыканска-беларускаму задзіночанню, Сяргею Ціханоўскаму, дарадцу Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леаніду Марозаву і многім іншым беларусам і амерыканцам.

Чытайце таксама:

Беларус праз суд атрымаў прытулак у ЗША

Артура Сянько пакінулі пад вартай у ЗША. Яму па-ранейшаму пагражае дэпартацыя

Іміграцыйная і мытная служба ЗША затрымала не менш за дзевяць беларусаў пасля выкліку на праверку

Каментары да артыкула