БЕЛ Ł РУС

На новым мосце ў Мазыры, які адкрываў Лукашэнка, падсвятленне пратрымалася толькі некалькі дзён

17.11.2025 / 23:00

Nashaniva.com

Новы аўтамабільны мост праз Прыпяць у Мазыры, які нядаўна ўрачыста адкрывалі з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і які шмат хвалілі дзяржаўныя СМІ, хутка страціў сваю «візітоўку» — яркае падсвятленне, піша «Флагшток».

Такім мост быў толькі некалькі дзён пасля адкрыцця. Фота: «Планета Беларусь»

Як паведамляюць мясцовыя жыхары, ужо праз некалькі дзён пасля адкрыцця аб'екта падсвятленне аркі моста і асвятленне лесвіц былі адключаныя, не працуюць і ліфты. Засталося толькі стандартнае асвятленне ўздоўж праезнай часткі.

У сацсетках людзі абураюцца: кажуць, што «паказуха скончылася» і мост цяпер выглядае звычайна, хоць раней падсвечаная канструкцыя прыцягвала шмат увагі.

З вялікай колькасцю людзей на мосце, дарэчы, узнікалі і праблемы — мясцовыя жыхары адзначалі, што падчас масавых фотасесій і шпацыраў падлеткаў на ім хутка з’явілася шмат смецця, а на асветленай арцы — сляды ад абутку тых, хто спрабаваў на яе залезці.

Пасля гэтага міліцыя выступіла з папярэджаннем: заклікала «беражліва ставіцца да аб’екта», нагадала пра адказнасць за псаванне маёмасці, параіла бацькам весці размовы з дзецьмі пра недапушчальнасць вандалізму і паведамляць пра «падазроныя групы» на мосце. Асобна падкрэслілі, што нельга станавіцца на парэнчы і дэкаратыўныя элементы.

На гэтым фоне мясцовыя жыхары мяркуюць, што падсвятленне і ліфты маглі свядома выключыць, каб людзі не збіраліся на мосце вечарамі. Пры гэтым яны нагадваюць, што непадалёк ёсць гарадскі парк, які ў цёмны час сутак практычна не асвятляецца.

Чытайце таксама:

Служба бяспекі Лукашэнкі не пускала простых мазырчукоў на мост цераз Прыпяць, пакуль той яго адкрываў

Лукашэнка ў Мазыры адкрыў абноўлены мост цераз Прыпяць

Абноўлены мост праз Прыпяць у Мазыры засвяціўся ўначы. Яго правяраюць на трываласць

Каментары да артыкула