Вячорка: Ніякага рашэння пра пераезд Ціханоўскай няма
Дарадца Ціханоўскай пракаментаваў інфармацыю пра ахову і магчымы пераезд.
Фота: Riccardo Savi / Getty Images for Concordia Annual Summit
Сёння «Наша Ніва» паведаміла, што Святлане Ціханоўскай у Літве не вярнулі ахову, яна і частка супрацоўнікаў Офіса збіраюцца пераязджаць у Польшчу. Крыніцы «Нашай Нівы» кажуць, што рашэнне ўжо прынятае.
У Офісе гэту інфармацыю не пацвярджаюць.
«Мы працягваем працаваць, як раней. Ціханоўская застаецца пад літоўскай аховай, як і раней. Ніякага рашэння пра пераезд няма. На сувязі з Літвой па ўсіх пытаннях бяспекі, калі будуць нейкія змены — паведамім», — пракаментаваў «Нашай Ніве» дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.
У Офісе пакуль чакаюць ад Літвы інфармацыю пра новую сістэму аховы. Канчатковае рашэнне будзе прымацца пасля гэтага. Пакуль Офіс працуе, як было запланавана.
Нагадаем, пра тое, што Святлане Ціханоўскай і яе Офісу знізілі ўзровень аховы ў Літве, стала вядома ў кастрычніку. У сувязі з гэтым давялося часова спыніць працу офіса. Канчатковае рашэнне аб узроўні аховы для лідаркі беларускіх дэмсіл было невядомае.