БЕЛ Ł РУС

У Польшчы выкрылі групу, якая дапамагала незаконна легалізавацца іншаземцам. Сярод абвінавачаных і беларусы

10.12.2025 / 16:27

Nashaniva.com

У выніку сумеснай аперацыі польскай Памежнай службы і паліцыі была выкрытая арганізаваная злачынная група, якая займалася тым, што незаконна «афіцыйна» афармляла знаходжанне іншаземцаў у Польшчы і іншых краінах Еўрапейскага Саюза.

Фота: strazgraniczna.pl

Следчыя высветлілі, што з 2020 да 2024 года ўдзельнікі групы выкарыстоўвалі падробленыя дакументы — у тым ліку фіктыўныя заявы аб найманні на працу і несапраўдныя адрасы пражывання. Такім чынам яны падманвалі дзяржаўныя органы і атрымлівалі для іншаземцаў польскія дазволы на знаходжанне.

Карыстальнікамі гэтай схемы маглі стаць каля 1500 чалавек з краін Цэнтральнай Азіі, Беларусі, Грузіі, Турцыі і некаторых афрыканскіх дзяржаў. За свае «паслугі» арганізатары бралі ад 3 да 5 тысяч злотых з чалавека.

Пры дапамозе Еўраполу стала вядома, што як мінімум 20 легалізаваных такім спосабам іншаземцаў пазней учынілі злачынствы ў розных краінах ЕС, у тым ліку дзейнічалі ў тамтэйшых арганізаваных групах.

Аперацыя ахапіла тры рэгіёны Польшчы — Мазавецкі, Лодзінскі і Ніжнесілезскі. Усяго затрымалі 24 чалавекі — грамадзян Украіны, Польшчы, Беларусі, Узбекістана, Пакістана і Філіпін. Сярод іх — два меркаваныя кіраўнікі групы: 52‑гадовы паляк і 39‑гадовы ўкраінец.

Падчас шматлікіх ператрусаў праваахоўнікі канфіскавалі тэлефоны, ноўтбукі, пячаткі, вялікі аб’ём дакументаў, а таксама грошы ў розных валютах (каля 40 тысяч злотых) і легкавы аўтамабіль цаной прыкладна 120 тысяч злотых. Усё гэта арыштавана пад забеспячэнне будучых штрафаў і пакаранняў.

У пракуратуры 20 затрыманым прад’явілі абвінавачванні ва ўдзеле ў арганізаванай групе. Яшчэ чатырох абвінавацілі ў дзейнасці «супольна і ў змове». Ім інкрымінуюць незаконнае садзейнічанне іншаземцам у атрыманні права на знаходжанне, падробку дакументаў і дачу хлуслівых звестак. Усяго па справе выстаўлена каля 1500 абвінавачванняў.

Суд на просьбу пракурора арыштаваў двух асноўных падазраваных. Астатнім прызначылі больш мяккія меры — абавязак адзначацца ў паліцыі, забарону выезду з краіны і грашовыя гарантыі.

Чытайце таксама:

«Мігранты залезлі ў прычэп, пакуль калега заязджаў на паром». Беларускі дальнабойшчык расказаў пра рызыкі працы ў Еўропе

Жанчына дапамагла беларускаму ўцекачу незаконна перайсці мяжу — праз гэта ёй адмовілі ў польскім грамадзянстве. Што вырашыў суд

Польшча, Літва і Латвія за чатыры гады не ўпусцілі 200 000 нелегальных мігрантаў з Беларусі

Каментары да артыкула