Трамп: Зяленскаму трэба быць рэалістам, ва Украіне адбываецца маштабная карупцыя, час праводзіць выбары
Прэзідэнт ЗША зноў выказаўся наконт выбараў прэзідэнта ва Украіне, а таксама наконт вайны і непаразуменняў з еўрапейскімі лідарамі.
Фота: Anna Moneymaker / Getty Images
На пытанне журналіста пра тое, што менавіта меў на ўвазе прэзідэнт ЗША ў аўторак, калі сказаў, што Зяленскаму трэба пачаць прымаць пэўныя рэчы, Трамп адказаў, што прэзідэнту Украіны трэба быць рэалістам, піша ВВС.
«Я думаю, яму трэба быць рэалістам. І мяне сапраўды цікавіць, колькі часу пройдзе да выбараў. Так, гэта дэмакратыя. Гэта доўга. У іх даўно не было выбараў. Яны страчваюць шмат людзей.
І, магчыма, людзі, ведаеце, калі паглядзець на апытанні, я б сказаў, 82% насельніцтва патрабуюць урэгулявання. Украінскі народ хоча бачыць урэгуляванне», — сказаў Трамп.
Прэзідэнт ЗША таксама дадаў, што ва Украіне «адбываецца маштабная карупцыя».
«Я нікога не крытыкую, але там сапраўды адбываецца маштабная карупцыя. І яны пытаюцца: калі ж, людзі задаюць гэтае пытанне, калі адбудуцца выбары? Збіраюцца яны праводзіць выбары ці проста будуць працягваць у тым жа духу? Таму я думаю, што пара спыніць гэтую вайну. І я думаю, што гэту вайну можна ўладзіць, але для танга патрэбныя двое», — сказаў амерыканскі прэзідэнт.
Таксама Дональд Трамп намякнуў на разыходжанні з еўрапейскімі лідарамі наконт Украіны, заявіўшы, што новыя сустрэчы могуць стаць марнаваннем часу — пасля таго, як Кіеў, з паведамленняў СМІ, перадаў Вашынгтону свае апошнія прапановы аб спыненні вайны.
«Думаю, у нас былі невялікія разыходжанні наконт некаторых людзей, і мы паглядзім, чым гэта скончыцца. І мы сказалі, што перад сустрэчай хочам даведацца пэўныя рэчы. Яны хацелі б, каб мы правялі сустрэчу ў Еўропе на гэтых выходных. І мы прымем рашэнне ў залежнасці ад таго, што яны прадставяць.
Мы не хочам марнаваць час. Парою трэба дазволіць людзям самім разбірацца, а парою — не. Але праблема ў тым, што, дазваляючы людзям самім разбірацца, вы страчваеце тысячы людзей на тыдзень. Гэта абсурдна», — цытуе Трампа агенцтва Reuters.
З ягоных слоў, ён размаўляў з лідарамі Францыі, Германіі і Вялікабрытаніі наконт Украіны «ў даволі рэзкіх выразах».
Трамп дадаў, што еўрапейскія лідары хочуць на выходных правесці сустрэчу ў Еўропе з удзелам Зяленскага і ЗША, але ён прыме пастанову пра свой удзел толькі пасля атрымання ад іх «адказаў».
Украіна перадала ЗША адказ на «мірны план»
«Украіна ў сераду прадставіла адміністрацыі Трампа свой адказ на апошні праект мірнага плана ЗША, паведамілі мне ўкраінскія і амерыканскія чыноўнікі», — напісаў у Х карэспандэнт Axios Барак Равід.
Раней пра перадачу Кіевам Злучаным Штатам абноўленага варыянту «мірнага плана» паведамляла агенцтва Bloomberg.
Афіцыйна Кіеў пакуль не пацвярджаў перадачу дапрацаванага дакумента Вашынгтону.
Чытайце таксама:
Мерц, Макрон і Стармер абмеркавалі з Трампам сітуацыю ва Украіне
ЗША далі Зяленскаму дэдлайн да Калядаў, каб ён падпісаў мірны план
Зяленскі пра выбары: Я заўсёды гатовы
Зяленскі гатовы правесці прэзідэнцкія выбары цягам 60‑90 дзён
Зяленскі паведаміў пра існаванне трох дакументаў, якія датычацца завяршэння вайны ва Украіне