Дзе цяпер Андрэй Хлястоў — родны брат Аляксея Хлястова, які таксама раней спяваў?
Аляксей Хлястоў цяпер працуе ў таксі. А куды знік яго старэйшы брат Андрэй, які таксама выступаў на беларускай эстрадзе?
Андрэй Хлястоў. Фота з яго сацсетак
Андрэй і Аляксей Хлястовы нарадзіліся ў вельмі простай сям’і — ніякіх знакамітых сваякоў, якія б за руку маглі прывесці на сцэну, у іх не было. Тата працаваў будаўніком, маці была аператаркай ЭВМ.
І Андрэй, і Аляксей у свой час скончылі ПТВ — атрымалі працоўныя спецыяльнасці. Дваццаць гадоў таму Аляксей Хлястоў распавядаў, што пасля 9 класа завуч ветліва папрасіў яго пайсці са школы. У выніку хлопец трапіў у прафтэхвучылішча №148 — атрымліваў прафесію электрамантажнік сілавога асвятляльнага абсталявання. Але сам жартаваў: дзякуй Богу, што ніводнага дня не прыйшлося працаваць у гэтай сферы — бо ў людзей хаця б святло ёсць.
— У мяне ў кватэры неяк знікла святло, дык я не ведаў, дзе пробкі, дзве гадзіны без святла сядзеў, пакуль тата не прыехаў. Як я вучыўся? Больш спяваў, чым на ўроках сядзеў.
Андрэй жа скончыў вучылішча металістаў, па адукацыі слесар-рамонтнік. Папрацаваў усяго два тыдні — падчас практыкі на заводзе Вавілава.
На сцэну хлопцы трапілі праз ансамбль «Равеснік» пры Палацы піянераў Фрунзенскага раёна Мінска — там спачатку пачаў займацца Андрэй (ён на 6 гадоў старэйшы за Аляксея), а потым прывёў у калектыў малодшага брата.
Андрэй яшчэ заспеў час, калі можна было выступаць «па камсамольскай лініі» — нават у Германію ездзіў з канцэртамі ў складзе таго самага «Равесніка». Потым падчас вучобы ў ПТВ спяваў конкурсах самадзейнасці.
Андрэй Хлястоў. Фота з яго сацсетак
У дзевяностыя браты разам танцавалі стэп — прасоўваннем маладых артыстаў займаўся сам Анатоль Ярмоленка.
У ВНУ ніхто з іх не паступіў. Андрэй казаў, што пасля ПТВ адразу трапіў у армію (дзе працягнуў спяваць у ансамблі). А потым закруціла дарослае жыццё — клікалі на конкурс то ў Юрмале, то ў Віцебску. Усё неяк не да паступлення было.
Аляксей жа спрабаваў стаць студэнтам Інстытута культуры, але заваліў пераказ па беларускай мове. А потым таксама не змог знайсці час для вучобы.
Андрэй Хлястоў. Фота з яго сацсетак
Андрэй, хаця і быў менш папулярным за брата, выпусціў у 2006 годзе свой альбом пад назвай «Спасибо тебе» і выступаў з ім. «Камсамолка» пісала пра кур’ёзны выпадак, калі газета дала анонс канцэрта «А. Хлястова», а потым у рэдакцыю звярнулася абураная «несапраўдным Хлястовым» чытачка.
Зорка Аляксей упэўнена ззяла на беларускай эстрадзе — ды і не толькі. Ён пабываў на «Славянскім базары» і «Новай Хвалі», удзельнічаў у «Песні года», атрымоўваў шматлікія ўзнагароды, у 2010 годзе запісаў сумесную песню з нямецкім музыкам і прадзюсарам Брэнданам Стоўнам.
Калі-нікалі браты спявалі дуэтам.
Поспех Андрэя быў больш сціплым, але і ён выступаў. Яшчэ ў 2018 годзе тэлеканал СТБ распавядаў пра яго як пра саліста гурта «Hlest-off».
Андрэй Хлястоў у 2018 годзе на СТБ
У 2023 годзе стала вядома, што Аляксей Хлястоў трапіў у чорны спіс артыстаў — то-бок цяпер ён не можа выступаць нават на карпаратывах. Раённыя газеты, якія ў 2021 годзе бралі ў артыста інтэрв'ю, пачалі выдаляць нават старыя гутаркі.
Нядаўна Аляксей прызнаўся, што працуе ў таксі. Беларусы па ўсім свеце зладзілі маштабны флэшмоб у падтрымку спевака.
А куды ж падзеўся Андрэй Хлястоў? Нядаўна ў сваіх сацыяльных сетках ён распавёў, што таксама цяпер працуе ў таксі.
Чытайце таксама:
Яўгена Булку абвінавачваюць у махлярстве ў Дубаі на $1 мільён. А ён кажа, што сам пацярпелы
Спявак Аляксей Хлястоў расказаў, ці можна ў таксі замовіць, каб прыехаў менавіта ён