БЕЛ Ł РУС

«Новых пятрушак выпусцілі, хутка пасмяёмся». Боты як па метадычцы каментуюць вызваленне палітвязняў

14.12.2025 / 16:34

Максім Сыраежка

Прапагандысцкія сеткі аператыўна адрэагавалі на навіны аб вызваленні новай групы палітвязняў. Сабралі асноўнае.

Сустрэча Алеся Бяляцкага. Фота: «Наша Ніва»

Першым чынам боты пачалі абясцэньваць ахвяры зняволеных, задаючы рытарычнае пытанне:

«А што гэтыя людзі зрабілі для Беларусі?»

І самі ж прапануюць традыцыйныя адказы:

«Нічога», «Ледзь не давялі Беларусь да вайны».

Каб узмацніць градус нянавісці, у ход ідуць параўнанні са смеццем і непатрэбнымі рэчамі:

«Выкінулі смецце», «Усю шалупень непатрэбную выкідваюць», «Адпрацаваны матэрыял».

Сустракаюцца і каментары, дзе аўтары быццам бы сумняваюцца ў рашэнні ўладаў:

«Дарэмна выпусціў», «Дарэмна», «Не ведаю, можа, дарэмна».

Аднак асноўны націск робіцца на прагназаванне канфліктаў. Боты з усіх сіл імкнуцца давесці, што вызваленне новай групы палітзняволеных прывядзе да абвастрэння супярэчнасцяў унутры дэмакратычных сіл:

«Ціханоўская цяпер у шоку. Як яны ўсе ўладу дзяліць будуць? Бедная Света», «У Светы траур. Толькі ад Сярожы адбілася, а тут цэлы натоўп канкурэнтаў у барацьбе за еўрапейскія гранты. Бяда!», «Свеце трэба падрыхтаваць бухгалтэрыю. Банкір прыехаў».

Іншыя падхопліваюць гэтую тэму, называючы палітычныя працэсы шоу або цыркам:

«Новая гульня — хто будзе прэзідэнтам», «А вось і другі сезон пачаўся. Сярога не выцягваў. Новыя персанажы будуць», «Зараз пачнецца другі сезон гумару. Будзем глядзець усім светам. Ох, цяпер пачнуць брудам паліваць усіх і ўсё», «Вам Ціханоўскага мала? Вырашылі ўвесь тэатр сабраць», «Новых пятрушак выпусцілі, хутка пасмяёмся», «У брыгадзе скамарохаў папаўненне. Пачынаецца новая серыя шапіто».

Асобная ўвага ў метадычках надаецца вонкаваму выгляду вязняў. Прапаганда цынічна сцвярджае, што турэмныя ўмовы пайшлі людзям на карысць:

«Як з курорта прыехалі», «Усе выглядаюць значна лепш, чым былі. Сытыя і задаволеныя».

Асабліва груба боты каментуюць канкрэтных асоб. Вось што пішуць наконт выгляду Марыі Калеснікавай:

«У Калеснікавай фэйс ледзь у аб’ектыў улез», «Калеснікава як на курорце пабывала».

Не абмінулі ўвагай і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага:

«Памаладзеў», «Выглядае лепш, чым раней», «Чым кармілі? Як пасля санаторыя…».

На фоне абраз палітвязняў боты актыўна прасоўваюць наратыў пра моц і самастойнасць дыктатара. Яны імкнуцца давесці, што ў перамоўным працэсе апошняе слова застаецца выключна за Лукашэнкам:

«Усё робіцца на ўмовах Лукашэнкі!!! Бацька — сіла!!!», «Лукашэнка чарговы раз паказаў сваю высакароднасць і тое, што ён нікога не баіцца!», «Ніякага ціску Лукашэнка не баіцца!! Навошта іх утрымліваць у турме? А як дамовішся, і яны быццам бы спрацавалі, і для краіны санкцыі знятыя», «Бацька красава. Угода агонь», «Лукашэнка проста прыгажун».

Яшчэ адзін папулярны тэзіс тычыцца эканоміі сродкаў. Прапагандысты спрабуюць пераканаць аўдыторыю, што вызваленне — гэта спосаб пазбавіцца ад лішніх выдаткаў:

«Ён іх выпусціў, каб не карміць 120 чалавек. Далоў іх з балансу падаткаплацельшчыкаў», «Няхай іх усіх на ўгнаенні памяняюць. Няма чаго дармаедаў утрымліваць», «Каб гэта былі людзі, то яны засталіся б у Беларусі».

І, вядома, боты не забываюць чарговым разам выказацца адносна Святланы Ціханоўскай, імкнучыся поўнасцю нівеліраваць яе ролю ў працэсе:

«Ніякай заслугі Ціханоўскай няма. Амерыканцы паабяцалі купляць беларускі калій у абмен на вызваленне палітзняволеных», «Яна тут прычым? Санкцыі не яна накладвала і ўвогуле яна каго-небудзь сустрэла з іх сёння?», «У Беларусі Ціханоўская ніхто».

Чытайце таксама:

«Зараз яе будзе ахоўваць Сярожа». Боты атрымалі новую метадычку пра Ціханоўскую

Ціханоўская застаецца для прапаганды ворагам нумар адзін. Вось новыя метадычкі, яны датычаць партрэтаў і аховы

Поўны спіс палітвязняў, вызваленых 13 снежня

Каментары да артыкула