БЕЛ Ł РУС

У Беларусі запусцілі фінансавы маркетплэйс

15.12.2025 / 17:22

Nashaniva.com

З 15 снежня 2025 года ў Беларусі афіцыйна пачаў працаваць фінансавы маркетплэйс «Фінмаркет». Пра запуск платформы паведаміла БелТА.

Фота: БелТА

На гэтым этапе на маркетплэйсе можна набываць акцыі і аблігацыі, якія прайшлі лістынг на Беларускай валютна-фондавай біржы. Другасны рынак пакуль не прадугледжаны, бо ў 2025 годзе рэалізуецца толькі першая стадыя запуску праекта.

На біржы падкрэслілі, што гэта зроблена дзеля абароны інвестараў: да продажу дапускаюцца выключна каштоўныя паперы з афіцыйных каціровачных спісаў. Інструменты, якія не раскрываюць справаздачнасць або не прайшлі аналіз, трапляюць у асобны «трэці» спіс — і на маркетплэйсе яны недаступныя.

Скарыстацца «Фінмаркетам» можна праз сайт Беларускай валютна-фондавай біржы або непасрэдна праз інтэрнэт-браўзер. Як адзначыў першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Аляксандр Ягораў, платформа дазваляе грамадзянам дыстанцыйна і без наведвання фінансавых устаноў інвеставаць у акцыі і аблігацыі як дзяржаўных, так і карпаратыўных эмітэнтаў.

Наступны этап развіцця запланаваны на 2026 год. Тады да маркетплэйса плануюць падключыць банкі і страхавыя кампаніі, што ператворыць «Фінмаркет» у паўнавартасны фінансавы супермаркет. Карыстальнікам стануць даступныя дэпазіты, спажывецкія крэдыты са зразумелымі ўмовамі, аплатныя карткі і базавыя страхавыя прадукты — у тым ліку страхаванне аўтаграмадзянскай адказнасці, здароўя і маёмасці.

Паводле слоў Ягорава, праект з’яўляецца часткай стратэгіі Нацбанка ў пашырэнні доступу насельніцтва да фінансавых паслуг, падвышэнні празрыстасці рынку і стымуляванні доўгатэрміновых інвестыцый. Адкрыццё «Фінмаркета» таксама павінна спрыяць развіццю фінтэх-кірунку ў краіне і фактычна робіць біржу сучаснай фінтэх-арганізацыяй.

Чытайце таксама:

Як і дзе купіць і прадаць золата ў Беларусі, і ці трэба плаціць падаткі за гэта

Некаторыя банкаматы ў Беларусі не прымаюць 100‑рублёвыя купюры. У чым праблема?

Гадавая інфляцыя вярнулася на ўзровень 7 працэнтаў

Каментары да артыкула