БЕЛ Ł РУС

Еўрасаюз ухваліў адмову ад расійскага газу. На чарзе — нафтавае эмбарга

17.12.2025 / 23:20

Nashaniva.com

Еўрапарламент ухваліў пастанову краін ЕС цалкам адмовіцца ад закупак расійскага газу з 1 лістапада 2027 года. Гэты крок стаў адказам на так званую газавую вайну Крамля, якая прывяла да найбуйнейшага энергетычнага крызісу ў Еўропе пасля ўварвання Расіі ва Украіну. Наступным этапам павінна стаць поўнае эмбарга на расійскую нафту, піша Бі-бі-сі.

Фота: Dmitry Lovetsky / AP

За новы закон прагаласавалі 500 дэпутатаў, супраць выступілі 120. Дакумент дазваляе ўводзіць газавае эмбарга рашэннем кваліфікаванай большасці, а не аднагалосна, як раней. Гэта дае магчымасць абысці вета такіх краін, як Венгрыя і Славакія, якія не жадаюць адмаўляцца ад танных паставак газу з Расіі.

Са слоў дэпутата з Фінляндыі Віле Нііністэ, гэта гістарычны момант, бо Еўрасаюз робіць вялікі крок да энергетычнай незалежнасці і пазбаўляе Расію магчымасці выкарыстоўваць энерганосьбіты як сродак ціску.

Да пачатку вайны Расія забяспечвала каля 40% патрэб ЕС у газе. Цяпер гэтая доля знізілася да 13%. Частка трубаправоднага газу ўсё яшчэ паступае праз Турцыю ў Венгрыю і Славакію, а звадкаваны газ — у іншыя краіны ЕС. Аднак ад звадкаванага газу ЕС плануе адмовіцца яшчэ раней — з 1 студзеня 2027 года.

Паводле ацэнак Еўракамісіі, эмбарга пазбавіць Расію каля 10 мільярдаў еўра даходаў штогод. Сёння ЕС плаціць Расіі каля 1,5 мільядраў еўра на месяц за энергарэсурсы, у той час як да вайны гэтая сума дасягала 12 мільярдаў. Мэта Бруселя — звесці яе да нуля.

Для гэтага неабходна таксама адмовіцца ад імпарту расійскіх нафтапрадуктаў. Хоць сырую нафту ЕС амаль не купляе, ад прадуктаў яе перапрацоўкі ён пакуль цалкам не адмовіўся. Цяпер пад санкцыямі знаходзіцца каля 90% даваенных паставак расійскай нафты і нафтапрадуктаў.

Еўрапарламент намагае, каб Еўракамісія ўжо на пачатку 2026 года падала канкрэтныя прапановы для ўвядзення нафтавага эмбарга. Эксперты адзначаюць, што ЕС мог бы дзейнічаць больш хутка і жорстка, але нават у цяперашнім выглядзе новы закон разглядаюць як значнае дасягненне, бо ён узмацняе агульнаеўрапейскі кантроль над санкцыйнай палітыкай і абмяжоўвае магчымасці для яе блакавання асобнымі краінамі.

Чытайце таксама:

Адна з найбагацейшых сем'яў Саудаўскай Аравіі хоча набыць замежныя актывы «Лукойла»

Украіна трэці раз за тыдзень нанесла ўдары па расійскіх нафтагазавых аб'ектах у Каспійскім моры

ЗША прадставілі еўрапейскім краінам прапановы наконт вяртання Расіі ў сусветную эканоміку

Расія страчвае кантроль над Усходняй Еўропай — але размова не пра Беларусь

У Расіі заявілі пра немагчымасць скласці дзяржаўны бюджэт без новага павышэння падаткаў

ЗША не будуць блакаваць пастаўкі расійскай нафты і газу ў Венгрыю, заявіў Орбан пасля сустрэчы з Трампам

Каментары да артыкула