БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка: Імкненне да імпарту — вынік прамывання мазгоў

18.12.2025 / 17:36

Nashaniva.com

Выступаючы на Усебеларускім народным сходзе, Аляксандра Лукашэнка зноў не прайшоў міма адной са сваіх улюбёных тэм — неабходнасці павярнуць спажывецкія звычкі беларусаў у бок аддавання перавагі айчыннаму вытворцу. 

«Для нас, беларусаў, выбар, які тавар купіць — беларускі або замежны, — гэта пытанне нацыянальнай бяспекі. Павінен быць. Многія ніяк не могуць пераадолець стэрэатып аб элітнасці імпарту.

Але гэта не вынік досведу. Гэта інструмент прамывання мазгоў, які быў досыць паспяхова ўжыты яшчэ ў савецкім грамадстве, асабліва на познім этапе развіцця.

Мы ж разумеем, што і тады, і сёння якасць вырабленых беларусамі тавараў была і застаецца адной з найлепшых у свеце. Але ці так мы пазіцыянуем сябе на сваім жа рынку?»

Ён паказаў свой пінжак і запытаўся: «Ну што, нельга насіць беларускае? Распрануць на вуліцы? Гідка глядзець?»

А тады расказаў пра тое, як 30 гадоў таму ездзіў у камандзіроўку з ЗША і сядзеў з нейкімі «зачуханымі», някідка апранутымі людзьмі, якія аказаліся мільярдэрамі. Надта добра апранацца там нібыта нават непрыстойна. 

Пасля таго Лукашэнка абрынуўся на ўласны народ, які жыве іншымі ідэаламі:

«А мы нібыта, ведаеце, жывём у небагатай краіне, яшчэ нешта мы пра Беларусь гаворым — вы гаворыце! І наша насельніцтва: ну паглядзець, на якіх аўтамабілях ездзіць народ, апранаецца ўва што. Узнікае пытанне: ну навошта вы траціце аграмадныя грошы на тое, каб падтрымаць замежнага таваравытворцу? Ну падтрымайце вы сваіх: «Камволь», Аршанскі лён і гэтак далей. Добрыя тканіны, свае тканіны, бяспечныя экалагічна. Ну навошта вы гэта робіце? Гэта тычыцца кожнага, над гэтым трэба падумаць, перш чым папракаць уладу ва ўсіх грахах, і мяне ў тым ліку».

Між тым сам Лукашэнка далёка не заўсёды выходзіць у людзі ў адзенні айчыннай вытворчасці. Так, у пачатку кастрычніка для працоўнай паездкі ў Петрыкаўскі раён ён абраў адзенне заходняй вытворчасці. Мяркуючы па мадэлі, на ім была куртка з воўны фірмы Harkila — вядомага скандынаўскага брэнда.

Чытайце таксама:

Лукашэнка: Усе хочуць купіць адзенне ад «Гучы» і «Версачэ». Але навошта траціце грошы на такую драбязу

У Петрыкаўскі раён Лукашэнка ездзіў у куртцы вядомага скандынаўскага брэнда

«Што вы гадасць амерыканскую падсоўваеце?» Лукашэнка загадаў, каб у Мак.by было ўсё беларускае

Лукашэнка перажывае, што на рынку Расіі «ўсе топчуцца», і хоча гандляваць з ЕС. Вось як цяпер выглядае сітуацыя ў замежным гандлі

Каментары да артыкула