БЕЛ Ł РУС

Улады Непала аб'явілі план ачысткі Эверэста ад смецця

19.12.2025 / 22:43

Nashaniva.com

Улады Непала абвясцілі пра запуск пяцігадовага комплекснага плана па ачыстцы Эверэста — самай высокай гары свету, якую часта называюць і адной з самых забруджаных. Пра гэта паведаміла мясцовае выданне The Kathmandu Post.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Kraingkrai Thitimakorn / Getty Images

Паводле звестак газеты, сітуацыю з забруджваннем пагаршае змяненне клімату: з-за таяння снегу і лёду на паверхню выходзіць смецце, якое доўгі час знаходзілася пад ледавікамі, а таксама чалавечыя парэшткі.

Гэта павышае рызыку забруджвання водных басейнаў і стварае пагрозу для здароўя людзей, якія жывуць ніжэй па цячэнні рэк.

Праграма, прадстаўленая Міністэрствам культуры, турызму і цывільнай авіяцыі Непала, таксама прадугледжвае вывучэнне магчымасці пераносу базавага лагера Эверэста. Ён цяпер размешчаны на ледавіку Кхумбу на вышыні 5364 м і цягнецца больш як на кіламетр. З-за пастаяннага руху і раставання лёду гэтая тэрыторыя робіцца асабліва нестабільнай, асабліва ў летні перыяд.

Падчас вясновага альпінісцкага сезона базавы лагер ператвараецца ў шчыльна заселенае намётавае мястэчка, дзе знаходзяцца сотні альпіністаў і абслуговага персаналу. Выкарыстанне печак, абагравальнікаў і генератараў істотна ўзмацняе нагрузку на навакольнае асяроддзе.

Кіраўнік Дэпартамента турызму Хімал Гаўтам заявіў, што ўрад мае намер ацаніць магчымасць пераносу лагера, каб забяспечыць устойлівасць горнага масіву. Паводле яго слоў, цяперашні лагер перапоўнены і знаходзіцца ў экалагічна ўразлівым месцы.

Раней Непал таксама ўвёў больш строгія правілы для ўзыходжання на Эверэст. Плата за дазвол на ўзыходжанне была павялічаная: у вясновы сезон — да 15 тысяч даляраў, у восеньскі — да 7,5 тысячы, а ў зімовы і мусонны — да 3,75 тысячы долараў. Акрамя таго, на кожных двух альпіністаў цяпер абавязкова павінен быць гід.

Тэрмін дзеяння дазволаў скарочаны з 75 да 55 дзён. Альпіністаў абавязалі выкарыстоўваць біяраскладальныя пакеты для збору смецця і забаранілі браць з сабой рэчы, не пазначаныя ў афіцыйных дакументах.

У мінулым вясновым сезоне быў выдадзены 421 дазвол на ўзыходжанне. Каля 600 чалавек дасягнулі вяршыні, каля дзвюх тысяч наведалі базавы лагер. Загінулі восем альпіністаў, а ўсе экспедыцыі ў суме пакінулі прыкладна 100 тон адкідаў.

Чытайце таксама:

Сем альпіністаў загінулі ў Непале ў выніку сходу лавіны

Альпініст з Польшчы стаў першым чалавекам, які спусціўся з Эверэсту на лыжах без кіслародных балонаў

Амаль 100 гор у Непале стануць бясплатнымі для ўзыходжання

Непал будзе дазваляць падымацца на Эверэст толькі дасведчаным альпіністам

На Эверэсце знайшлі парэшткі альпініста, які знік 100 гадоў таму

Каментары да артыкула