БЕЛ Ł РУС

Рубіа: Нас не хвалюе рытарычная падтрымка Расіяй Венесуэлы

19.12.2025 / 23:46

Nashaniva.com

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа заявіў, што Вашынгтон не бачыць пагрозы пагаршэння адносін з Расіяй з-за сітуацыі вакол Венесуэлы. Паводле яго слоў, ЗША не чакаюць ад Масквы нічога большага, акрамя толькі рытарычнай падтрымкі ўладаў Венесуэлы, і гэта не ўплывае на амерыканскую пазіцыю, паведамляе Reuters.

Марка Рубіа. Фота: Saul Loeb, Pool Photo via AP

«Мы не занепакоеныя эскалацыяй канфлікту з Расіяй з-за Венесуэлы. Мы заўсёды чакалі ад іх рытарычнай падтрымкі рэжыму Мадура, але гэта не з'яўляецца фактарам, які мы ўлічваем пры разглядзе гэтага пытання», — сказаў Рубіа.

Ён таксама дадаў, што ў Расіі і без таго дастаткова праблем у сувязі з вайной ва Украіне, і перадаў калядныя віншаванні міністру замежных спраў РФ Сяргею Лаўрову.

«Я думаю, што ў Расіі поўна клопатаў з Украінай, але калі ён цяпер нас глядзіць, то, Сяргей, шчаслівых Калядаў», — сказаў дзяржсакратар ЗША.

19 снежня прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у інтэрв’ю NBC не выключыў магчымасці ваеннага канфлікту з Венесуэлай. Раней ён абвясціў «поўную і татальную» марскую блакаду венесуэльскіх нафтавых танкераў, якія знаходзяцца пад амерыканскімі санкцыямі. Трамп заявіў, што Венесуэла фактычна акружаная і паабяцаў узмацняць вайсковую прысутнасць ЗША, пакуль улады краіны, паводле яго слоў, не вернуць Злучаным Штатам «скрадзеныя нафту, зямлю і іншыя актывы».

Акрамя таго, амерыканская адміністрацыя прызнала венесуэльскія ўлады «замежнай тэрарыстычнай арганізацыяй», а раней Трамп заяўляў, што «дні Мадура палічаныя».

На працягу апошніх месяцаў ЗША нарошчвалі сваю вайсковую прысутнасць у Карыбскім моры і наносілі ўдары па венесуэльскіх суднах, тлумачачы гэта барацьбой з наркатрафікам. Да сярэдзіны лістапада ў рэгіёне знаходзілася каля 15 тысяч амерыканскіх вайскоўцаў.

У адказ на абвяшчэнне марской блакады прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура заявіў пра спробу змены рэжыму і абвінаваціў ЗША ў імкненні ўсталяваць марыянеткавы ўрад. Ён паабяцаў абараніць суверэнітэт краіны і яе рэсурсы.

Міністэрства замежных спраў Расіі 18 снежня паведаміла, што чакае ад ЗША недапушчэння далейшай эскалацыі вакол Венесуэлы, паколькі гэта, на думку Масквы, можа стварыць пагрозу для ўсяго Заходняга паўшар’я. У МЗС РФ назвалі Венесуэлу дружалюбнай краінай, заявілі пра аказанне ёй палітычнай падтрымкі і падкрэслілі ролю Расіі як пасярэдніка.

Пры гэтым, як адзначае Reuters, у новай стратэгіі нацыянальнай бяспекі, нядаўна апублікаванай адміністрацыяй Трампа, гаворыцца пра намер ЗША аднавіць сваё дамінаванне ў Заходнім паўшар’і і фактычна вярнуцца да доктрыны Манро XIX стагоддзя, якая абвяшчала гэты рэгіён зонай уплыву Злучаных Штатаў.

Чытайце таксама:

ЗША неўзабаве пачнуць наземныя ўдары па аб’ектах наркакартэляў у Венесуэле

«Мадура застаўся зусім адзін». Ці прыйдуць на дапамогу Венесуэле яе шматгадовыя саюзнікі?

Мадура баіцца высокадакладнага ўдару

Трамп даў Мадура тыдзень, каб той пакінуў Венесуэлу

У сутыкненні з ЗША Венесуэла засталася практычна без падтрымкі Кітая і Расіі

Каментары да артыкула