БЕЛ Ł РУС

У Кіеве дэмантуюць помнік Міхаілу Булгакаву ў цэнтры горада

20.12.2025 / 0:8

Nashaniva.com

У сталіцы Украіны прынялі рашэнне дэмантаваць помнік расійскаму пісьменніку Міхаілу Булгакаву, які знаходзіцца на Андрэеўскім спуску. Адпаведнае рашэнне падтрымала Кіеўская гарадская рада, піша «Украінская праўда».

Помнік Міхаілу Булгакаву. Фота: 44.ua

Яшчэ вясной 2024 года эксперты Украінскага інстытута нацыянальнай памяці прызналі ўраджэнца Кіева Міхаіла Булгакава ўкраінафобам і носьбітам імперскага светапогляду. На іх думку, помнікі і тапонімы, звязаныя з яго імем, з’яўляюцца сімваламі расійскай імперскай палітыкі, а іх прысутнасць у публічнай прасторы ўспрымаецца як прапаганда дзяржавы-агрэсара.

Эксперты адзначылі, што, нягледзячы на гады жыцця ў Кіеве, пісьменнік пагардліва ставіўся да ўкраінцаў і іх культуры, варожа ўспрымаў імкненне Украіны да незалежнасці і негатыўна выказваўся пра ўкраінскую дзяржаўнасць. Яны таксама падкрэслілі, што ягоныя погляды найбольш блізкія да сучаснай ідэалогіі пуцінізму.

Раней помнік Булгакаву абклеілі ягонымі «ўкраінафобнымі» цытатамі. Фота: Facebook.com / Nevidom

Пасля гэтага Кіеўская гарадская рада пачала разглядаць петыцыю аб выдаленні з публічнай прасторы згадак пра Булгакава. У выніку было падтрымана рашэнне пра дэмантаж яго помніка.

Адначасова з гэтым кіеўскія ўлады падтрымалі ліквідацыю ў Кіеве помнікаў Дзмітрыю Мануільскаму, Міхаілу Глінцы, Ганне Ахматавай, памятнага каменя ў гонар 100‑годдзя Леніна і мемарыяльнай дошкі Пятру Чайкоўскаму. Таксама плануюць дэмантаваць мемарыяльную дошку з надпісам: «У гэтым доме ў перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі (1941—1943 гг.) вёў працу падпольны Шаўчэнкаўскі райкам КП(б)У у горадзе Кіеве».

У той жа час вакол спадчыны Міхаіла Булгакава ў Кіеве працягваюцца дыскусіі. Кіраўнік Украінскага інстытута нацыянальнай памяці Антон Драбовіч назваў высновы экспертаў часткова эмацыйнымі, хоць і пагадзіўся з агульнай ацэнкай постаці пісьменніка. Ён падкрэсліў, што закрываць музей Булгакава ў Кіеве не варта, але ўстанова павінна змяніць назву і канцэпцыю, каб расказваць пра пісьменніка ўсю праўду і з украінскага пункту гледжання.

У музеі, у сваю чаргу, заявілі, што лічаць некаторыя фармулёўкі экспертаў празмерна катэгарычнымі і нават маніпулятыўнымі, а ацэнкі асобы Булгакава — павярхоўнымі. У адказ Інстытут нацыянальнай памяці ініцыяваў дадатковае экспертнае вывучэнне гэтага пытання.

Чытайце таксама:

У Мінску прэзентавалі пераклад «Майстра і Маргарыты» на беларускую мову

Джоні Дэп экранізуе «Майстра і Маргарыту» Булгакава — рыхтуецца першы англамоўны фільм

Новая экранізацыя «Майстра і Маргарыты» скарыла мінчан і прывяла ў шаленства прыхільнікаў вайны. Што ў ёй такога?

Каментары да артыкула