Уіткаф расказаў, якія чатыры дакументы абмяркоўвалі на перамовах з Украінай
Дэлегацыі Украіны і ЗША тры дні сустракаліся ў Маямі, каб абмеркаваць магчымае заканчэнне вайны.
Стыў Уіткаф на перамовах прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з Дональдам Трампам 18 жніўня 2025 года. Фота: Anna Moneymaker / Getty Images
У склад украінскай дэлегацыі ўвайшлі сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Рустэм Умераў і начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны генерал-лейтэнант Андрэй Гнатаў.
Амерыканскую дэлегацыю прадстаўлялі спецыяльны пасланнік Трампа Стыў Уіткаф, Джарэд Кушнер і супрацоўнік Белага дома Джош Груэнбаўм. Да дыскусій таксама далучыліся ключавыя еўрапейскія дарадцы па нацыянальнай бяспецы.
«За апошнія тры дні ў Фларыдзе ўкраінская дэлегацыя правяла серыю прадуктыўных і канструктыўных сустрэч з амерыканскімі і еўрапейскімі партнёрамі», — паведаміў Уіткаф у X.
З Уіткафам і Кушнерам у Маямі таксама размаўляў спецыяльны пасланнік прэзідэнта Расіі Кірыл Дзмітрыеў, аднак яго Уіткаф не згадвае.
ЗША і Украіна ў гэтыя дні абмяркоўвалі чатыры дакументы:
план з 20 пунктаў, шматбаковая структура гарантый бяспекі, гарантыі бяспекі ЗША для Украіны, а таксама план эканамічнага развіцця і росквіту.
«Асаблівая ўвага была ўдзелена абмеркаванню тэрмінаў і паслядоўнасці наступных крокаў.
Украіна застаецца цалкам адданай дасягненню справядлівага і трывалага міру.
Нашым агульным прыярытэтам з'яўляецца спыненне забойстваў, забеспячэнне гарантаванай бяспекі і стварэнне ўмоў для аднаўлення Украіны, яе стабільнасці і доўгатэрміновага росквіту», — напісаў Уіткаф.
Умераў пасля сустрэчы апублікаваў такі ж самы тэкст.