Гаспадара таго самага Мухтара з серыяла асудзілі за палітыку
Дзмітрый Доўгаль аддаў заводу «МАЗ-Купава» больш за 20 гадоў: прыйшоў слесарам, а стаў кіраўніком. Таксама ў яго ёсць сабака Норыс, які грае ў кіно — у тым ліку ў серыялах «Вяртанне мухтара» і «Пёс Рыжы». Але нядаўна Дзмітрыя асудзілі да калоніі за «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці».
Дзмітрый Доўгаль. Фота: sb.by
Дзмітрыю Доўгалю 49 гадоў. Адукацыю атрымліваў спачатку ў сталічным аўтамеханічным тэхнікуме, а пасля скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Арганізацыя руху і кіраванне на транспарце».
У 2002 годзе ён прыйшоў слесарам механазборачных работ на завод «МАЗ-Купава». Гэта вядомае беларускае прадпрыемства, якое спецыялізуецца на вытворчасці ізатэрмічных фургонаў, прычэпаў і аўталавак.
Доўгаль неўзабаве пачаў расці па службе: стаў інжынерам, майстрам, начальнікам участку. З 2014 года Дзмітрый займаў пасаду начальніка кузаўной вытворчасці і кіраваў вытворча-дыспетчарскім аддзелам прадпрыемства.
Дзмітрый — аматар жывёл, ён гаспадар знакамітай аўчаркі на мянушку Норыс. Гэты сабака — сапраўдная зорка экрана: менавіта ён выканаў ролю пса Мухтара ў вядомым серыяле «Вяртанне Мухтара. Новы след». Таксама гадаванец Дзмітрыя здымаўся ў вайсковай драме «Пёс Рыжы» і іншых стужках.
Дзмітрый з Норысам (з правага боку) і яшчэ адным сабакам. Фота: Укантакце
Дзмітрый займаецца бегам і любіць падарожнічаць. У яго ёсць жонка і непаўналетняе дзіця.
Прысуд Дзмітрыю вынес Мінскі абласны суд. Яго прызналі вінаватым паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Відавочна, што пераслед звязаны са справай Гаюна.
Дакладны тэрмін зняволення невядомы, але прысуд ужо ўвайшоў у дзеянне. Гэта можа быць або калонія, або хімія з накіраваннем.
Чытайце таксама:
Інжынера, які запускаў трэцюю лінію мінскага метро, асудзілі за «Гаюна»
Якія прысуды даюць па справе Гаюна?
Таленавітага праграміста адправілі за краты. Ён уваходзіў у топ-0,2% спецыялістаў у сваім кірунку