Севярынец пра сваю гісторыю кахання: Гэта нетыпова для сённяшняга свету
Палітык і былы палітвязень Павел Севярынец падзяліўся шчырай гісторыяй знаёмства і кахання са сваёй жонкай Вольгай.
Вяселле Севярынцаў. Фота: bchd.info
Павел пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай падчас лідарскіх курсаў падрыхтоўкі грамадскіх актывістаў «Дыджэі Адраджэння», якія праводзіў «Малады Фронт». Вольга была сярод удзельніц:
«Воля ў маім жыцці з’явілася на курсах «Дыджэяў Адраджэння». Яна была адной з пераможцаў у свой час, здаецца, у 2008 годзе, тых самых лідарскіх курсаў. І на той момант яна вельмі кранула мяне сваёй прыроднай беларускасцю. Яна з такога каталіцкага краю, з Нарачанскага. А ў Беларусі дзявочыя вочы Нарачы… Такая далікатная, але адначасова моцная. Я гэта ўсё ўбачыў на дыджэйскіх курсах, і я проста ў нейкі момант знік».
Розніца ва ўзросце паміж Паўлам і Вольгай складае 14 гадоў. Са слоў Севярынца, ён доўгі час хаваў свае пачуцці. Калі ж наважыўся адкрыцца, для маладой дзяўчыны прызнанне вядомага палітыка стала шокам:
«Ясна, што яна была агаломшаная. І яна адразу сказала: «Слухай, ну, напэўна, некалькі гадоў трэба будзе табе пачакаць»,
— згадвае Павел і заўважае, што ў выніку давялося чакаць пяць гадоў, бо неўзабаве ён трапіў за краты.
«І вось праз пяць гадоў, калі я ўжо вяртаўся з адсідкі ў Купліне (з «хіміі» — НН), мы адразу згулялі вяселле, павянчаліся, пабраліся шлюбам. І я дзякую Богу за кожны дзень, калі мая жонка, мая Волечка, са мной. Яна проста цудоўная,
— кажа Павел і прызнаецца, што іх шлюб стаў для абаіх першым і адзіным досведам блізкасці:
— Насамрэч да Волечкі ў мяне было пару гісторый з пацалункамі, але далей за пацалункі там справа не ішла. Таму гэта гісторыя, можа, нетыповая для сённяшняга свету, калі я ў маёй Волечкі першы, і мая Волечка ў мяне таксама першая. Я думаю, што гэта файна».
Са слоў палітыка, ён не асуджае тых, хто мае іншы жыццёвы досвед, але вельмі цэніць іх унікальную гісторыю вернасці.
Чытайце таксама:
Павел Севярынец сустрэўся з жонкай і сынам пасля 5 гадоў за кратамі
Павел Севярынец: Мая мара, каб Пазняк, Ціханоўская, Калеснікава, Латушка разам працавалі на Беларусь
«Размаўляў увесь час па-беларуску». Павел Севярынец запісаў свой першы зварот пасля вызвалення