Павел Севярынец: Мая мара, каб Пазняк, Ціханоўская, Калеснікава, Латушка разам працавалі на Беларусь
Палітык і былы палітвязень Павел Севярынец выказаў сваё стаўленне да Святланы Ціханоўскай і ўчынку Міколы Статкевіча, патлумачыў, чаму Зянон Пазняк — абсалют нацыянальных інтарэсаў.

Гісторыя Святланы Ціханоўскай — гэта гісторыя святла
Павел Севярынец прызнаецца, што да 2020 года не быў асабіста знаёмы са Святланай, але яе рашэнне пайсці на выбары замест зняволенага мужа стала для яго паказчыкам яе ўнутранай моцы.
«Ужо адзін гэты крок паказвае, што ў чалавека ёсць за душой моц. Здольнасць на такі крок — гэта шмат пра што сведчыць. І Святлана за гэты час вельмі вырасла: тое, як яна зараз размаўляе па-беларуску, тое, як яна мысліць беларусацэнтрычна, — гэта вельмі сур’ёзна ўражвае. Я магу сказаць, што беларусы выбралі яе, і з таго часу перавыбараў не было».
Пазняк — абсалют нацыянальнага эгаізму
Разважаючы пра ролю Зянона Пазняка, Севярынец называе яго гістарычнай асобай, без якой немагчыма ўявіць сучасную Беларусь. На яго думку, каб Пазняк быў нечым шкодным для Беларусі, то мы б зараз пра яго не чулі, «беларусы б яго забылі пару пакаленняў таму».
«Ёсць шмат крыўднага, ёсць шмат людзей, якія проста наўпрост абвінавачаныя, якія проста пазбаўленыя даверу з боку Пазняка. Але гэта выдаткі той ролі, якую Пазняк на сябе ўзяў.
А роля гэта такая: на мой погляд, Зянон Пазняк — гэта такі абсалют нацыянальных інтарэсаў. І калі нават хочаце — нацыянальнага эгаізму ў палітыцы».
На погляд Севярынца, у любой дзяржаве ёсць людзі, падобныя да Зянона Пазняка:
«У аснове любой дзяржавы ёсць людзі, якія любым спосабам, любым метадам будуць адстойваць нацыянальны інтарэс. Шмат у чым дзяржаўныя структуры тых дзяржаў, якія мы паважаем — свабодных, развітых і багатых — трымаюцца на такім нацыянальным эгаізме як дзяржаўнай палітыцы».
Севярынец падкрэслівае ролю Пазняка ў адстойванні нацыянальных інтарэсаў. Ён нагадвае, што калісьці папярэджанні палітыка пра магчымую вайну з Расіяй многія ўспрымалі са скепсісам, але сённяшнія рэаліі пацвердзілі яго рацыю.
«Пазняк шмат прарочыў, гэтыя прароцтвы збываліся. Пазняк шмат казаў крыўднага і непрыемнага, з чым пасля ўсе пагаджаліся. (…) Пазняк шмат разоў казаў пра вайну з Расіяй. Смяяліся, (…) «ну якая вайна з Расіяй у наш час?» А зараз ідзе поўнамаштабная вайна з Расіяй. Зянон пра гэта казаў кожнага разу, яму адказвалі, што ён фанатык, што гэта непапулярна, беларусы гэтага не прымуць, трэба было спачатку так, а потым гэтак».
Па словах Паўла, роля Пазняка — быць стратэгічным полюсам:
«Зянон — гэта полюс. На полюсе холадна, там людзі не жывуць, але гэта полюс. І на Зянона трэба аглядвацца, як на габарыты машыны. Калі вы не хочаце зачапіць сцяну, вы таксама аглядвайцеся на тое, што гаворыць Зянон».
Севярынец прыгадаў, як Пазняк крытыкаваў яго ў 2004 годзе за ўдзел у рэферэндуме. Тады Павел ішоў з плакатам «Я галасую НЕ», спрабуючы працаваць з людзьмі, але цяпер прызнае: гэта была памылка і ўдзел у чужой гульні, пра што Пазняк папярэджваў загадзя. Цяпер, па словах Паўла, ён разумее, што Зянон меў рацыю.
«Зянон — гэта не пра тактыку, манеўры, нават не пра лепшы шлях у палітыцы. Зянон — гэта пра стратэгію ў палітыцы. Можаш паслухаць яго і вырашыць, а як будзе лепш у гэты момант. (…) Я б нават сказаў, што ён не стаіць у шэрагу проста нейкіх людзей ці актараў беларускай палітыкі.
Зянон — гэта з іншай катэгорыі. Гэта нацыянальны прарок, гэта абсалют, на які трэба аглядвацца, калі ты хочаш разумець, што патрэбна Беларусі. Пазняк гэта адчувае вельмі востра.
Метады, якімі ён карыстаецца… — так, я згодны, я б так не рабіў. Але я не магу яго асуджаць, таму што я не Пазняк. Ён пачаў змагацца за Беларусь, калі я яшчэ пешшу пад стол хадзіў. І Зянон да гэтага часу застаецца… Вось гэта феномен», — даводзіць Севярынец і дзеліцца сваёй марай:
«Мая мара, каб Зянон, Святлана [Ціханоўская], Маша Калеснікава, Павел Латушка — каб усе разам працавалі на Беларусь. Каб усе разам, кожны на сваім месцы, каардынаваліся і дасягалі беларускага поспеху ў беларускай гісторыі».
Мікола Статкевіч — «караткевічаўскі герой»
Учынак Міколы Статкевіча, які адмовіўся ад высылкі за мяжу і літаральна выбіваў дзверы ў аўтобусе, каб застацца ў краіне, Севярынец называе ўвасобленай мужнасцю:
«Гэта мужнасць, гэта адвага. Рэч, якую беларусы ацэньваюць. Я ведаю, што вельмі многія бачаць у гэтым акт мужнасці, які для іншых як узор ці арыенцір».
Севярынец заўважае, што нехта можа расцаніць такі ўчынак як неасцярожны, бо ён мог запаволіць працэс вызвалення палітвязняў, але, па яго словах, трэба глядзець з іншага пункту гледжання:
«Трэба глядзець з погляду асабістай мужнасці. З таго погляду, што Мікола шмат разоў бараніў гонар беларусаў як мужнай, адважнай нацыі. Ён паказвае, што беларусы здольныя — як здольная была Маша Калеснікава — парваць свой пашпарт і вярнуцца ў турму ў Беларусь».
Севярынец адзначае, што такія мужнасць і адвага былі ў беларусаў здаўна, пра такіх людзей пісаў Уладзімір Караткевіч:
«У нас, у беларусаў, глыбока гэта ёсць. Тое, што было ў залатыя часы, у часы ВКЛ, калі Беларусь была моцнай — гэта ў беларусах ёсць, засталося. Караткевіч гэта дастае вельмі часта. Ён вельмі шмат кажа пра асабістую мужнасць і годнасць беларусаў. Мікола Статкевіч — гэта такі караткевічаўскі герой».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары