БЕЛ Ł РУС

У Польшчы знайшлі спосаб ажывіць заняпалую вёску на мяжы з Беларуссю

5.01.2026 / 18:18

Nashaniva.com

Невялікая польская вёска Малыя Азяраны, якая знаходзіцца каля самай мяжы з Беларуссю, паступова ажывае. Гэта адбылося дзякуючы ініцыятыве яе солтыса (старасты) Лешака Скродскага, паведамляе tvn24.pl.

Солтыс Лешак Скродскі. Фота: tvn24.pl

Лешак Скродскі абвясціў, што гатовы здаваць зямлю ў вёсцы за сімвалічную плату — 100 злотых (каля 25 даляраў) у месяц за тысячу квадратных метраў. Акрамя таго, ён дапамагае знаходзіць спадкаемцаў уладальнікаў хат, якія пустуюць, і асабіста сустракае новых жыхароў, каб падтрымаць іх пры пераездзе.

Першым, хто адгукнуўся на прапанову, быў беларускі музыка Яўген Кучмейна. Ён пераехаў у вёску з Варшавы яшчэ восенню і размясціўся ў пераабсталяваным свірне ў доме солтыса. Цяпер Яўген жыве і працуе ў Азяранах, а мясцовыя краявіды натхняюць яго на запіс альбома.

Яўген Кучмейна. Фота: tvn24.pl

Солтыс адзначае, што цікавасць да вёскі аказалася значна большай, чым чакалася: людзі тэлефанавалі, прыязджалі агледзець тэрыторыю, а некаторыя вырашылі атабарыцца тут назаўсёды. Сярод іх шмат людзей культуры, розных творцаў. 

Малыя Азяраны. Фота: tvn24.pl

Сярод іншых сюды плануе пераезд сям’я з Мінска, якая цяпер жыве ў Варшаве. Беларусы хочуць пабудаваць тут юрту і пасяліцца ў ёй летам.

Цяпер стала ў Азяранах жывуць толькі два чалавекі, адзін з якіх — паэт Міраслаў Сабаньскі. Ён лічыць, што ў вёскі, дзе ў 1960‑я гады было каля 200 жыхароў, ёсць шанец на адраджэнне: тут ёсць інтэрнэт, цішыня, прырода і прастора для творчасці.

Малыя Азяраны. Фота: tvn24.pl

Солтыс, у сваю чаргу, падкрэслівае, што Азяраны падыйдуць тым, хто не баіцца простых умоў жыцця: вада са студні, а крама знаходзіцца прыкладна за дзесяць кіламетраў. Аднак жа ўзамен перасяленцы атрымліваюць спакой і чыстае паветра.

Чытайце таксама:

Як жывуць людзі ў самай халоднай вёсцы планеты — там бывае мінус 71°C

«Калі б у Беларусі ўсё было добра, то вашы б не ехалі сюды па каўбасу». Рэпартаж з прымежных Баброўнікаў

«Некаторых маіх сяброў беларушчынай перакармілі». Як нарадзіцца і ўсё жыццё пражыць у Сібіры, а лічыць сябе беларускай?

Каментары да артыкула