Грамадства33

«Некаторых маіх сяброў беларушчынай перакармілі». Як нарадзіцца і ўсё жыццё пражыць у Сібіры, а лічыць сябе беларускай?

У 1902—1912 гадах, у тым ліку праз Сталыпінскую рэформу, у Сібір пераехалі сотні тысяч беларусаў. Фармаваліся цэлыя беларускія вёскі, але традыцыйную культуру захоўваць было цяжка — значная частка людзей асімілявалася. Як у такіх умовах праз некалькі пакаленняў захаваць у сабе беларускасць і перадаць яе дзецям? Распыталі карэнную сібірачку.

Святкаванне Купалля ў Сібіры, 2023 год. Фота: Антон Клімаў / Белорусы Прибайкалья, Укантакце

«У мяне быў толькі бабулін акцэнт»

Ірына (імя зменена — НН) нарадзілася ў расійскім Іркуцку. Маленькай бацькі перавезлі яе на поўнач вобласці — там дзяўчынка і скончыла школу ў класе разам з рускімі, беларусамі, татарамі і нашчадкамі эвенкаў (карэнная народнасць Сібіры).

У савецкі час падлеткі не размаўлялі пра свае нацыянальнасці, заўважае жанчына. Зрэшты, і ёй самой пра тое, што яна беларуска, ніхто не казаў.

«У маім дзяцінстве гэта былі проста нейкія словы. У мяне не было беларускай літаратуры, я нічога не чытала. У мяне быў толькі бабулін акцэнт і некалькі слоў, што яны прыехалі з Расіі».

Прабабка Ірыны пераехала на Іркуччыну з Магілёўскай вобласці цяперашняй Беларусі ў 1930‑х гадах. Яна заўсёды казала, што «з Расіі» — так рабілі большасць перасяленцаў. Бабуля ж жанчыны ў тыя гады толькі нарадзілася і паспела скончыць чатыры класы школы. Гэта, лічыць цяпер Ірына, і дало шанец на тое, каб захаваць беларускасць у сям’і.

«Бабуля жыла ў вёсцы, працавала ў калгасе. Дзякуючы гэтаму захаваўся беларускі акцэнт, побыт, песні. Яе браты ці сёстры, якія адукацыю атрымалі, нават размаўлялі без акцэнту [на рускай мове]».

«Беражлівасць — нацыянальная рыса беларусаў»

Нягледзячы на тое, што пра беларускія карані ў сям’і не гаварылі, адзначалі традыцыйныя святы: Багач (восеньскае свята, якое праводзяць са зборам ураджаю і канцом працоўнага лета), Купалле. Таксама ад прабабкі ў хаце застаўся беларускі куфар і дробныя побытавыя рэчы, якія яна прывезла яшчэ з радзімы.

Ірына кажа, што ў той час не бачыла розніцы паміж нейкімі традыцыямі з вёскі ў беларусаў і, напрыклад, у татараў. Здавалася, што гэта проста адрозненне вёскі ад горада, а не нацыянальная асаблівасць.

Пры гэтым у Беларусь Ірына не ездзіла ажно да сталага ўзросту — не было да каго, ніякіх сваякоў не захавалася. Першае яе падарожжа на радзіму здарылася ў 2001 годзе са студэнцкім гуртком.

З таго студэнцкага фальклорнага гуртка і пачалася цікаўнасць Ірыны да беларушчыны. Але развіваць такую суполку было цяжка: маладзёнам бракавала ведаў, цяжка было дастаць нават фота людзей у нацыянальных строях, каб аднавіць нейкую вышыўку.

Інфармацыю збіралі па сібірскіх вёсках — у каго што захавалася з Беларусі. Так знаходзілі скрынкі, куфары, ручнікі і абрусы. «Такая беражлівасць і захоўванне — гэта ўсё ж нацыянальная рыса беларусаў», — заўважае Ірына.

«Ёсць суполка, сядзіба, субсідыі»

Жанчына распавядае пра сібірака, які аднойчы далучыўся да іх суполкі беларусаў. Продкі яго былі перасяленцамі з Беларусі, але мову яму бацькі не перадалі, і ён вывучыў яе самастойна дарослым. Навучыў ёй і трох сваіх дзяцей.

Так сябе паводзяць адзінкі, кажа яна. Агулам беларусы хутка асімілююцца ў Сібіры — праз славянскія рысы твару, падабенства мовы. Тых, хто рэгулярна ўдзельнічае ў мерапрыемствах беларускай суполкі, няшмат. І ставяцца яны да гэтага амаль як ставіліся продкі да царквы — як да «духоўнай часткі жыцця».

Дасюль у Сібіры беларусы адзначаюць Багач, у якім цяпер удзельнічаюць любыя мясцовыя жыхары — рускія, казахі.

«Цяпер магчымасць [захоўваць самаідэнтыфікацыю] ёсць. Расійская дзяржава дае нам гэтую магчымасць. Ёсць грамадская суполка, ёсць сядзіба, субсідыі — ва ўмовах конкурсу. Калі ты перамог, то ў цябе ёсць грошы на праекты, каб захоўваць тут на Іркуччыне беларускую самабытнасць. Тут гэта так называецца — «самабытнасць», — кажа Ірына.

Святкаванне Багача ў Сібіры, 2022 год. Фота: Ганна Дыдзенка / Белорусы Прибайкалья, «Укантакце»

«Быць беларусам — пытанне экалагічнага стаўлення да сябе»

Агулам для таго, каб захаваць беларускасць так далёка ад радзімы, лічыць яна, трэба не ленавацца, а сама каштоўнасць гэтага — такая ж, як сачыць за сваім фізічным і ментальным здароўем.

«Быць беларусам — цяжкая праца. Трэба прыкладаць намаганні. Але гэта пытанне экалагічнага стаўлення да сябе. Таго, як мы дбаем пра сваё здароўе. Мы ж думаем, што ямо, дзе робім, як ставімся да свайго цела. Сюды ж можна дадаць і самаідэнтыфікацыю — хто ты, чым цікавішся, адкуль твой род».

Некаторых яе аднагодкаў у Іркуцку бацькі стараліся «гвалтоўна» прывучыць да беларускай культуры. Аднак гэта не спрацавала.

«Некаторых маіх сяброў беларушчынай перакармілі. Цяпер гэтыя людзі выраслі і шарахаюцца ад беларускага цэнтра. Таму трэба даваць дыстанцыю.

Таксама трэба прызнаць: я не ведаю беларускай мовы, літаратуры, але зараз буду вывучаць. Я дарослай вывучу, і дзецям прыйдзецца вывучаць. Дзеці ўсё памятаюць».

Хацела пераехаць жыць у Беларусь, але…

Доўгі час Ірына хацела пераехаць жыць у Беларусь, але гэтага так і не сталася праз побытавыя цяжкасці.

«Я ўсё прыязджала-прыязджала, хадзіла на моладзевыя тусы. Для сябе вырашыла, што, калі нейкі беларускі хлопец (пажадана з прозвішчам на -іч) закахаецца ў мяне, прапануе мне сваю руку і сэрца, тады я там застануся. Так не сталася. Дый няма кватэры, няма заробку па такой спецыяльнасці, якой бы можна было зарабляць сабе на жыццё. Цяпер на Байкал прыязджаюць людзі з Беларусі, якія працуюць на фрылансе, яны сабе могуць дазволіць тут адпачыць. Але я гэтага эканамічнага пытання так і не вырашыла. Пераклала эквівалент свайго заробку ў Беларусі [у культурніцкай сферы] і не зразумела, як бы я на яго жыла».

Каментары3

  • беларушчынай перакармілі
    09.11.2025
    расейшчынай не. сво не перакармілі, нармальна. малахавым і поле чудес не перакармілі. хлеб не прыедаецца.
  • Беларускі каланізатар
    09.11.2025
    А ці ведае яна мову карэннага насельніцтва зямлі, дзе жыве - буратаў? У Сібіры беларусы - такія ж каланізатары, як і маскавіты, таму і асімілююцца так хутка з "белымі гаспадамі".

    "У 1902—1912 гадах, у тым ліку праз Сталыпінскую рэформу, у Сібір пераехалі сотні тысяч беларусаў." І аселі на землях, адабраных у карэнных народаў, пра што мы вельмі не любім успамінаць...
  • праз ЭЗ, куды нас зацягне усяроўа будзе ганарыцца Беларускім пашпартам
    09.11.2025
    беларушчынай перакармілі, нічога, праз ЭЗ, куды нас зацягне усяроўа будзе ганарыцца Беларускім пашпартам )

Цяпер чытаюць

Госця санаторыя «Беларусь» паехала катацца на мапедзе па начным Сочы з п'яным шэф-кухарам без правоў. І загінула2

Госця санаторыя «Беларусь» паехала катацца на мапедзе па начным Сочы з п'яным шэф-кухарам без правоў. І загінула

Усе навіны →
Усе навіны

Самую танную кватэру ў Мінску ў мінулым месяцы купілі за $35 тысяч

У хостэле ў Пецярбургу азербайджанец зарэзаў беларуса, які хацеў працаваць замест яго4

«Мы абавязаныя». Дэпутат Дзярждумы РФ заклікаў да ядзернага ўдару13

«Забудзьцеся пра X. Птушка вярнулася». З’явіўся новы Twitter14

«А чаму вы прыехалі? Думалі, нараджаць не балюча?» Беларуска расказала дзікую гісторыю пра свае роды28

Ісландцы прагаласавалі супраць уступлення ў ЕС27

Ля берагоў Паўночнага Кіпра тоне паром з 279 пасажырамі4

Беларуска вырасціла ў агародзе «каштанавыя» агуркі. Што гэта?1

Рабаў распавёў, якім будзе верасень у Беларусі4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Госця санаторыя «Беларусь» паехала катацца на мапедзе па начным Сочы з п'яным шэф-кухарам без правоў. І загінула2

Госця санаторыя «Беларусь» паехала катацца на мапедзе па начным Сочы з п'яным шэф-кухарам без правоў. І загінула

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць