БЕЛ Ł РУС

Пратэстоўцы ў Іране заявілі, што ўзялі пад кантроль два гарады

7.01.2026 / 12:56

Nashaniva.com

Абданан і Малекшахі на захадзе краіны фактычна перайшлі пад кантроль пратэстоўцаў. Людзі святкуюць на вуліцах, піша Fox News.

Ілюстрацыйны скрыншот з відэа

Пратэстоўцы ў Іране ўзялі пад кантроль гарады Абданан і Малекшахі на захадзе краіны. Людзі святкуюць на вуліцах і скандуюць «Смерць Хаменеі!».

Пра поўны захоп гарадоў паведаміла Нацыянальная рада супраціву Ірана.

«Сёння адбыліся сур'ёзныя падзеі ў двух гарадах на захадзе Ірана, якія фактычна былі захопленыя, і людзі цяпер святкуюць на вуліцах», — паведаміў Fox News Алі Сафаві.

Мар'ям Раджаві, абраная прэзідэнтка Нацыянальнай рады супраціву, таксама апублікавала пост у X, у якім павітала пратэстоўцаў у Малекшахі і Абданане, якія, паводле яе слоў, «прымусілі сілавікоў рэжыму адступіць».

Паведамляецца таксама пра дэманстрацыі, страйкі і вулічныя сходы ў дзясятках гарадоў у розных правінцыях.

Іранскае агенцтва Tasnim, у сваю чаргу, адмаўляе, што пратэстоўцы ўсталявалі кантроль над Абдананам. Паводле яго версіі, у горадзе сапраўды была акцыя пратэсту, аднак яна завершылася досыць хутка. Паводле звестак Tasnim, сілы бяспекі ўжылі слезацечны газ. Пасля гэтага пратэстоўцы нібыта разбегліся, а кантроль над цэнтральнымі вуліцамі перайшоў да сілавікоў.

Паводле апошніх звестак праваабарончай арганізацыі HRANA, за дзевяць дзён пратэстаў у Іране загінулі 36 чалавек, у тым ліку 34 удзельнікі вулічных акцый і два сілавікі. Акрамя гэтага, не менш за 2076 чалавек былі арыштаваныя.

Масавыя пратэсты ў Іране працягваюцца з 28 снежня. Яны пачаліся на галоўным гарадскім базары Тэгерана, дзе ўладальнікі многіх крам зачынілі свае гандлёвыя пункты ў знак пратэсту супраць гіперінфляцыі і рэзкіх ваганняў цэн.

29 снежня курс рыяла — іранскай нацыянальнай валюты — упаў да новага рэкорднага мінімуму (адзін рыял быў роўны прыкладна 0,00002 еўра). А ў кастрычніку, паводле звестак Сусветнага банка, харчовая інфляцыя ў Іране склала 64,2% — па гэтым паказчыку краіну ў антырэйтынгу апярэдзіў толькі Паўднёвы Судан. Эканамічны пратэст хутка ператварыўся ў пратэст супраць рэжыму аятол. 

Чытайце таксама:

Тэгеран слабы як ніколі: пратэсты ў краіне і пагрозы Трампа зрабілі сітуацыю для ўладаў Ірана надзвычай сур'ёзнай

Дзярждэп ЗША па-руску заявіў пра небяспеку гульняў з Трампам

У пратэстах у Іране загінулі 35 чалавек, больш за 1200 арыштаваныя

«Як толькі дыктатуры сутыкаюцца з рэальнай сілай, яны хутка церпяць паразу»

Аятала Алі Хаменэі плануе ўцячы з Ірана ў Маскву ў выпадку форс-мажору

У Іране масавыя пратэсты ўжо некалькі дзён. Пачалося з рэкорднага абвалу валюты

Каментары да артыкула