Лукашэнка пачынае ўсведамляць наступствы разбурэння сусветнага парадку
«Тое, што адбываецца вакол нас, не залежыць ад нас. Шаленства і яшчэ раз шаленства», — енчыў Аляксандр Лукашэнка 8 студзеня. Ці можа Лукашэнка, як кіраўніцтва Італіі ў 1943-м, а Румыніі — у 1944-м, змяніць бок канфлікту?
Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка, 1 жніўня 2025 года. Фота: Gavriil Grigorov Sputnik Kremlin Pool Photo via AP
Аляксандр Лукашэнка дапамог Расіі распачаць і весці самую крывавую вайну ХХІ стагоддзя. Тады ён не казаў, як сёння: «Тое, што адбываецца вакол нас, не залежыць ад нас». Наадварот, абгрунтоўваў абяцаннямі, што Кіеў будзе ўзяты за «тры-чатыры дні» і выдумкамі, што з Украіны «на Беларусь рыхтаваўся напад».
«Часам не да законаў» — абвясціў ён яшчэ ў 2020-м. Гэта яго палітычная філасофія.
Як і Пуцін, Лукашэнка, хутчэй за ўсё, думаў, што Захад па прыродзе сваёй няздольны дзейнічаць аналагічна.
Кіраўнік Беларусі здзекаваўся з заклікаў Байдэна і фон дэр Ляен захаваць «парадак, які грунтуецца на правілах». Ён з пенай ля рота даказваў, што правіл няма. Толькі цяпер ён усвядоміў, што яны такі былі — зменлівыя, але былі.
Калі абрынуўся рэжым Асада, прапаганда спісала гэта на яго ўласную маладушнасць, а не на прыкметы вычэрпвання рэсурсаў Расіі. Цяпер, калі Амерыка ў Каракасе паказала, як павінна выглядаць «спецыяльная ваенная аперацыя», стала ясна, што Расіі і Кітаю паказваюць на іх месца. У Мінску, як і ў Крамлі, заяўлялі пра стварэнне новага сусветнага парадку, але ў рэальнасці Масква і Пекін былі няздольныя ўплываць на падзеі нават у такіх важных для іх краінах, як Венесуэла.
Лукашэнка заенчыў пра «безабароннага чалавека».
Лукашэнка называе сітуацыю «заблытанай і незразумелай», бо не разумее, як Захад зараз павядзе сябе з Расіяй, у татальную залежнасць ад якой Мінск сябе з уласнай волі загнаў.
Бо, сапраўды, мачыць Расію і Кітай ЗША «яшчэ і не пачыналі». Але пасля Венесуэлы, танкера і намеру выдаць на абарону ў 2027 годзе 1,5 трыльёна даляраў, стала ясна: а могуць жа і пачаць. Будуць гатовыя пачаць. Ці адказаць.
Лукашэнка пачаў усведамляць наступствы разбурэння сусветнага парадку, якім мы яго ведалі да 2022 года. Аднак пакуль няма прыкмет таго, што ён здольны саскочыць з расійскага танкера, на які з уласнай волі сеў, і які прэ ў тое ці іншае пекла.
Ці можа Лукашэнка, як кіраўніцтва Італіі ў 1943-м, а Румыніі — у 1944-м, змяніць бок канфлікту? Нічога на гэта не паказвае. «Тое, што адбываецца вакол нас, не залежыць ад нас» — гэтае прызнанне паказвае яго цяперашняе самаадчуванне.
Чытайце таксама:
Лукашэнка: Тое, што адбываецца вакол нас, не залежыць ад нас. Шаленства і яшчэ раз шаленства
Лукашэнка пра выкраданне Мадура: Гэта саступка Трампа вайскоўцам за Афганістан