Адвакат Канавалава, расстралянага за тэракт у метро, упершыню расказаў, што адбывалася падчас следства
Адвакат Дзмітрый Лепрэтар, які абараняў галоўнага абвінавачанага ў тэракце ў мінскім метро Дзмітрыя Канавалава, у новым выпуску ТОКу падзяліўся ўспамінамі пра свайго былога падабароннага.
Лепрэтар расказвае, што абаронцам Канавалава ён стаў выпадкова, бо ў той дзень аказаўся дзяжурным адвакатам. Яму патэлефанавалі з юрыдычнай кансультацыі Цэнтральнага раёна горада Мінска і папрасілі з’ездзіць да затрыманага. Аператыўны супрацоўнік Следчага ўпраўлення папярэдняга расследавання нават пагадзіўся прыслаць за ім машыну. Як згадвае Лепрэтар, на першай сустрэчы Канавалаў выглядаў дрэнна, бо «відавочна напярэдадні шмат выпіваў».
«Першае, што я спытаў: «Ці разумееш ты ўвогуле, што гаворыш?» Ён кажа: «Так». Я кажу: «Ты пагаварыць са мной хочаш, перш чым нейкія паказанні даваць?» — «Не». А я ж настойваць не буду. Ну, я не маю права», — аднаўляе храналогію тых падзей Лепрэтар.
Абаронца даводзіць: калі пачаліся следчыя дзеянні, ён усё больш усведамляў, наколькі складаная і цяжкая гэтая справа. Паводле слоў адваката, першы час яму было цяжка супаставіць тое, што расказваў абвінавачаны, і ўласныя назіранні за тым, што адбывалася.
Дзмітрый Канавалаў. Фота: «Наша Ніва»
«Але чым больш ён расказваў, тым больш я разумеў, што чалавек, увогуле не датычны ні да чаго, не можа ведаць такіх падрабязнасцей», — тлумачыць юрыст.
Лепрэтар звяртае ўвагу на даволі дзіўную пазіцыю, якую заняў Канавалаў падчас следства: па яго паводзінах было зразумела, што яму ўсё гэта не цікава.
«Яго пытаюцца — ён адказвае. Ён не разгортвае думку, не спрабуе неяк нешта патлумачыць. Вось роўна колькі спыталі, столькі ён сказаў. Такое адчуванне, што ён гэта рабіў для таго, каб ад яго проста адчапіліся. Яму гэта не цікава было. То-бок усё, што адбывалася вакол… А допытаў было вельмі шмат. Літаральна штодзённыя допыты былі», — удакладняе адвакат.
На просьбу апісаць Канавалава як чалавека і падзяліцца ўражаннем, якое той на яго зрабіў, Лепрэтар заўважыў:
«Гэта вельмі складанае пытанне. Насамрэч у мяне няма на яго адказу, таму што яго паводзіны былі вось такія, тыпу: «Адчапіцеся ад мяне ўвогуле. Я тут, таму што я вымушаны тут знаходзіцца. Увогуле з вамі размаўляць не вельмі хачу».
Юрыст дадае, што кожную сустрэчу з падабаронным на папярэднім расследаванні ён пачынаў з пытання, ці не хоча Канавалаў пагаварыць з ім сам-насам. І заўсёды атрымліваў адмоўны адказ.
«Канавалаў — гэта чалавек-загадка. Ён пастаянна знаходзіўся ў нейкім сваім кокане і вельмі не хацеў туды нікога пускаць», —
дзеліцца думкамі адвакат і згадвае, што толькі адзін раз яго падабаронны адмовіўся ад следчага дзеяння, якое павінна было адбыцца ў Віцебску.
«Мы прыехалі ў Віцебск ужо, і ён сказаў: «Не, я не хачу».
Лепрэтар падкрэслівае, што бачыўся з Канавалавым кожны дзень, і той меў магчымасць паскардзіцца яму, напрыклад, на ціск з боку следчых. Але ніякіх скаргаў не было.
«Адзіная праблема была ў тым, што ён быў вельмі дрэнна апрануты заўсёды. Я так разумею, сваякоў і блізкіх так вельмі моцна напалохалі, што ў яго проста з адзеннем былі вялікія праблемы. Ужо да суда, відаць, перадалі нейкую перадачу і больш-менш яго апранулі», — расказвае юрыст.
Дзмітрый Лепрэтар. Скрын відэа: TOK_talk / YouTube
Як згадвае абаронца, нягледзячы на адсутнасць афіцыйнай заявы ад Канавалава, аднойчы ён па ўласнай ініцыятыве наведаў яго. Гэта адбылося пасля абвяшчэння прысуду.
«Я схадзіў наконт абскарджання ўсёй гэтай справы — будзем або не будзем пісаць скаргу, хадайніцтва аб памілаванні. (…) Ён адмовіўся і напісаў заяву з гэтай нагоды, што «я не маю намеру абскарджваць прысуд, я не буду падаваць хадайніцтва аб памілаванні. Калі абаронца гэта зробіць, я яго скаргу адклічу».
Як згадвае Лепрэтар, праз некаторы час пасля гэтага на адрас юрыдычнай кансультацыі ад Канавалава, які пасля суда заставаўся ў СІЗА КДБ, прыйшла заява з просьбай яго наведаць.
«Я на наступны дзень збіраюся яго наведваць, а тут прыходзіць навіна, што як бы ўжо і наведваць няма каго», — успамінае Лепрэтар.
Нягледзячы на паведамленні ў прэсе аб расстрэле, ён усё адно пайшоў у СІЗА.
«Бо што такое [юрыдычна] заява ў прэсе? Я выпісваю ордар, узгадняю гэта ўсё з загадчыкам, кажу: «У мяне ёсць такое даручэнне». Яна кажа: «Ну, табе нічога не застаецца, як ісці». І я іду, ведаючы выдатна, што чалавека ўжо няма сярод жывых», —
кажа адвакат і заключае:
«Што ён мне хацеў сказаць, я не ведаю дагэтуль. Але чамусьці ён напісаў гэтую заяву».
{DONATE_PAYPAL}
Чытайце таксама:
Храналогія трагедыі — ад тэракта да выканання прысуду
Псіхолагі: Канавалаў сярэдняга розуму, але валявы; Кавалёў вельмі разумны, але няўстойлівы
Канавалаў быў у школе ціхі хлопчык
Канавалаў і Кавалёў пілі гарэлку і былі з дзяўчатамі ў дні тэракта 11 красавіка