Храналогія трагедыі — ад тэракта да выканання прысуду
Першыя імгненні пасля выбуху, першыя кветкі каля метро, суд і прысуд — год пад знакам тэракта ў фотаздымках Сяргея Гудзіліна.
11 красавіка 2011, першая гадзіна пасля трагедыі ў метро
У інтэрнэце з’яўляюцца першыя звесткі пра выбух на станцыі «Кастрычніцкая». У 17:56, у гадзіну пік, на пероне станцыі прагучаў выбух.
Рэпарцёры паведамляюць пра забітых і скалечаных. З’яўляюцца першыя фотаздымкі (фота 1, 2): разгубленыя, перапалоханыя, перапэцканыя пылам і крывёй твары людзей.
З вуліц горада без супынку даносяцца сірэны «хуткіх». Выратавальныя службы працуюць зладжана. Ім дапамагаюць простыя людзі: выносяць параненых. Трымаюць кропельніцы.
Агульнай яснасці таго, што здарылася, пакуль няма. Дзяржаўныя тэлеканалы маўчаць. Мабільная сувязь працуе з перабоямі.
Пад канец таго страшнага дня сталі вядомыя папярэднія лічбы ахвяр: 12 забітых і каля 150 параненых. Пазней колькасць ахвяр вырасце да 15 чалавек.
Перамовы супрацоўнікаў МНС на месцы трагедыі.
* * *
13 красавіка 2011 у Мінску абвясцілі жалобу ў сувязі з трагедыяй у метро (фота 4). На будынках сталіцы прыспусцілі дзяржаўныя сцягі з жалобнымі стужкамі. Да канца тыдня ў сталіцы былі адмененыя забаўляльныя мерапрыемствы. У Калодзішчах, што пад Мінскам, прайшлі першыя пахаванні ахвяр тэракта. Іншых пахавалі на наступны дзень на Паўночных могілках і ў Атоліне.
«Маскоўская» лінія метро яшчэ не працавала. Наземны грамадскі транспарт на праспекце перагружаны.
На выхадзе з «Кастрычніцкай» з боку ўніверсама «Цэнтральны» ўсталявалі часовыя шыльды з фотаздымкамі ахвяраў выбуху. Сотні людзей прыйшлі да пастамента з кветкамі і знічкамі (фота 5—7). Многія з нас тады ўсё яшчэ не маглі паверыць, што падобнае магло здарыцца ў Беларусі.
* * *
14 красавіка 2011 станцыя метро «Кастрычніцкая» запрацавала ў штатным рэжыме. Новая плітка на месцы выбуху выглядала як сціплы мемарыял (фота 8). На калонах побач былі яшчэ бачныя сляды ад выбуху.
Хтосьці з пасажыраў паклаў кветкі на новую плітку, але яны праляжалі там нядоўга: супрацоўнікі падземкі перанеслі іх да ўваходу ў метро.
* * *
21 ліпеня 2011 а 13.30 ля памятнага знаку ахвярам выбуху ў мінскім метро з’явіўся мужчына на мыліцах з кветкамі ў руках. 21 ліпеня А 13.30 ля памятнага знаку ахвярам выбуху ў мінскім метро з’явіўся мужчына на мыліцах з кветкамі ў руках (фота 9). Падышоў да памятнай шыльды на ўваходзе станцыі «Кастрычніцкая» і са словамі «Вечная памяць» усклаў кветкі.
Гэта быў 47-гадовы Вадзім Цюцюноў, які быў моцна паранены ў часе выбуху — у той момант знаходзіўся зусім побач.
Доўгі час лячыўся ў Рэспубліканскім шпіталі МУС. Дзякуючы медыкам паспяхова прайшоў рэабілітацыю. Першае, што ён зрабіў як стаў на ногі — аднёс кветкі да метро.
* * *
15 верасня 2011 — першы дзень судовага працэсу па справе 11 красавіка (фота 10, 11). Працэс над Дзмітрыем Канавалавым і Уладзіславам Кавалёвым праходзіў у мінскім Доме правасуддзя. Ён быў адкрытым. Меры бяспекі, прынятыя спецслужбамі, уразілі не толькі сведак і пацярпелых, але і дасведчаных журналістаў. Шчыльны надгляд на ўваходзе, шэрагі спецназаўцаў перад сцэнай, службовыя сабакі, зброя ў руках людзей у масках, што вызіралі з дзвярэй за сцэнай. У зале на кожным шэрагу сядзелі супрацоўнікі ў цывільным, якія сачылі за парадкам у зале.
У першы ж дзень працэсу Дзмітрый Канавалаў прызнаў віну за выбух у метро і на 3 ліпеня.
* * *
15 лістапада 2011. Адвакат Кавалёва Абразей заявіў пра мантаж відэа, знятага з камер назірання ў метро. Пацярпелы Тышкевіч выказаў сумненні наконт доказнай базы следства. Ён заявіў шэраг хадайніцтваў, але іх не задаволілі.
Правам апошняга слова скарыстаўся толькі Кавалёў. «Мне сорамна перад сабой і Дзімам, што аказаўся слабавольным і даў паказанні супраць яго, — сказаў ён. — Калі я знаходжуся ў гэтай клетцы, гэта яшчэ не значыць, што я вінаваты». Ён паўтарыў свае словы пра тое, што даваў паказанні на Канавалава пад псіхалагічным ціскам, а пра падрабязнасці выбухаў даведаўся ад следчых.
Да вынясення прысуду заставалася 15 дзён.
* * *
30 лістапада 2011. Абвешчаны прысуд па справе аб выбуху ў метро. Суддзя Аляксандр Федарцоў прызнаў Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва вінаватымі ў выбухах 11 красавіка і 4 ліпеня ў Мінску. І прысудзіў іх да расстрэлу.
Уся счарнелая ад перажывання Любоў Кавалёва заявіла журналістам, што лічыць справу сфабрыкаванай (фота 12). Яна напісала заяву аб памілаванні на імя Лукашэнкі.
* * *
2 снежня 2011 на прэс-канферэнцыі па выніках судовага працэсу пракурор Андрэй Швед заявіў, што «Канавалаў і Кавалёў панеслі заслужанае пакаранне». Супрацоўнікі міліцыі, КДБ і пракуратуры адказвалі на пытанні журналістаў, якія, на іх думку, не былі ў поўнай меры раскрытыя ў часе працэсу (фота 13). Як затрымлівалі Канавалава-Кавалёва? Якія матывы Канавалава? Ці знішчаць доказы злачынства? Адказы супрацоўнікаў спецслужбаў многім падаліся непераканаўчымі.
* * *
15 сакавіка 2012. Любоў Кавалёва прыехала ў Мінск даведацца, ці жывы яшчэ яе сын і ў якой турме ён знаходзіцца (фота 15). Днём раней з’явілася інфармацыя, што Лукашэнка адмовіў асуджаным у памілаванні.
«Няма адчування, што ўжо здарылася самае страшнае, хаця цалкам магчыма», — сказала яна ў той дзень журналістам. Насамрэч яе сына, як і Канавалава, ужо не было ў жывых.
Каментары