Дзеячы эміграцыі пасварыліся з нагоды спісаў запрошаных на прыём да прэзідэнта Польшчы
Усё пачалося з допісу Аляксея Дзікавіцкага, былога дырэктара «Белсата», які ў фэйсбуку падняў праблему: нехта выкрасліў яго са спісу запрошаных на прыём да Наўроцкага. «Дарослыя людзі, а займаюцца такой фігнёй», — піша ён. У каментарыях адгукнуліся іншыя пакрыўджаныя тым, што іх таксама не запрасілі.
Прадстаўнікі беларускай эміграцыі на сустрэчы з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам у студзені 2024 года. Фота: сацыяльныя сеткі
Апісваючы кантэкст, Дзікавіцкі тлумачыць, што адміністрацыя польскага прэзідэнта ад часоў Дуды запрашае беларусаў на святочны прыём у прэзідэнцкі палац.
Кожны год туды хадзіў і Дзікавіцкі, але ў 2026‑м яго не запрасілі, «хаця ў спісы быў пададзены».
На думку Дзікавіцкага, гэта адбылося праз інтрыгі беларусаў, «якіх чыноўнікі папрасілі падрыхтаваць і спраўдзіць спісы гасцей» — тыя, нібыта, «зрабілі ўсё магчымае, каб Дзікавіцкага са спісаў выкрасліць».
Гэта ён звязвае з тым, што «не падзякаваў, як належыць, а подласць назваў подласцю».
Дзікавіцкі прызнае, што дакладна не ведае, хто гэтым разам яго выкрэсліваў, але здагадваецца. І разам з гэтым прызнаецца, што выкрэслілі прозвішчы і іншых, значна больш годных, чым ён, людзей.
Свой крык душы ён сканчае заклікам да тых, хто займаўся складаннем спісаў.
«Калі ты/вы думаеце, што маеце права вырашаць, хто годны звацца чальцом беларускай грамады, а хто не — вы памыляецеся. Тое, што вы выпадкова апынуліся ў патрэбнай сітуацыі і ў патрэбны час, не дае вам права вырашаць, хто сапраўдны беларус, а хто — не, а тым больш — манапалізоўваць беларускае прадстаўніцтва. Лепей выкарыстайце гэтую сітуацыю як шанец папрацаваць над уласнымі комплексамі, пыхай. А потым займіцеся чым-небудзь больш карысным, калі ўмееце.
Жыву тут настолькі доўга, што сустракаўся і размаўляў з усімі прэзідэнтамі маёй другой Айчыны, да аднаго дагэтуль маю прыватны мабільнік, а для іншага дапамагаў аднойчы пісаць прамову, што тычылася Беларусі.
Таму вашае дробнае шкодніцтва не мае для мяне аніякага значэння — ані ў сэнсе прафесійным, ані ў прыватным.
Паслухайце, калі ласка, старэйшага таварыша: калі будзеце ўвесь час здаваць і ганіць сваіх (гэта ж не першы раз, праўда?), чужыя таксама вас паважаць не будуць».
У пастскрыптуме Дзікавіцкі дадаў, што на прыёме, хутчэй за ўсё, будзе праз намаганні трэціх асоб. Таму «вяршыцеляў лёсаў» ён загадзя просіць лепш не падыходзіць да яго з фальшывымі ўсмешкамі, бо сам ён руку падаваць не хоча, а некультурна сабе паводзіць таксама не будзе, каб пра беларусаў не падумалі чаго кепскага.
«Пазнаю гэты почырк»
У каментарах Дзікавіцкага падтрымалі некаторыя яго былыя калегі.
Так, былы вядоўца «Белсата» Сяргей Падсасонны адзначыў:
«Лаяльнасць, лаяльнасць, лаяльнасць… Усё старое, як свет. Мізэрнасць гэтых «напалеонаў» нават не здзіўляе, не ўражвае, проста выклікае агіду».
Экс-супрацоўнік «Белсата» Ігар Кулей падзяліўся, што яго таксама выкраслілі яшчэ летась.
«Нашы асобныя «знатныя» прадстаўнікі дэмсіл сталі працягам унутраных польскіх разборак і выкінулі ўсіх, хто не падтрымаў чысткі на «Белсаце», а можа, і не толькі нас», —
выказаў Кулей сваю версію матывацыі і назваў вінаватых:
«Пазнаю гэты почырк. (…) Выкрэсліваюць «нязручных» або прадстаўнікі АПК, або Офіса Святланы Ціханоўскай, больш няма каму».
Да абмеркавання далучыліся і іншыя прадстаўнікі дэмакратычных колаў.
Найбольш лаканічным быў бабарыканец Іван Краўцоў, які пакінуў такі допіс: «+1 тут».
Экс-спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў таксама быў нешматслоўным: «Як знаёма».
«Кэнсэлінг, маргіналізацыя, падножкі, бруд»
А вось палітык і паплечнік Зянона Пазняка Павел Усаў выказаўся вельмі крытычна і безапеляцыйна:
«Гэта насамрэч вельмі жудасна, бо калі ў чужой краіне «беларусы» (прозвішчы якіх усё ж варта ведаць) вырабляюць такія паскудствы, то баюся сабе ўявіць, што яны будуць рабіць у Беларусі.
Адказ відавочны. Таму, па гэтым ды іншых прыкладах, можна наўпрост сказаць, што перамены з такімі пераменшчыкамі для Беларусі небяспечныя.
З іншага боку, думаю, што клан, які зараз нібы прадстаўляе апазіцыю, робіць якраз усё, каб пераменаў і не адбылося. Для дэмакратычнай супольнасці ЯНЫ нават больш шкодныя, чым Лукашэнка, бо ён не называе сябе дэмакратам».
Заснавальнік «Белага легіёна» Сяргей Бульба падтрымаў крытыку:
«Как далеки они от народа»… паралельная рэчаіснасць. Людзі, якія на беларускай тэме адно гранты піляць, спрабуюць выдаваць сябе за тых, хто здольны вырашыць лёс народу. Брыдкае відовішча. Падалей ад вас трымацца хочацца».
Былы супрацоўнік Офіса Ціханоўскай Валер Кавалеўскі распавёў пра сваю падобную гісторыю:
«МЗС Польшчы месяц таму запытаў мае асабістыя даныя для запрашэння на прыманне, якія яны пасля перадалі ў канцылярыю прэзідэнта. Там канцы абарваліся. І я перакананы, што гэта рашэнне не польскага боку, а галоўных прадстаўнікоў беларускага народа, вечных лідараў і бездакорных сімвалаў нашага дэмакратычнага выбару.
Кэнсэлінг, маргіналізацыя, падножкі, бруд і абгаворы апанентаў ці людзей з альтэрнатыўным меркаваннем на шляху да вырашэння крызісу ў Беларусі сталі нормай палітструктур дэмруху».
«Наступным іх крокам будзе завесці шпіца»
Сваімі назіраннямі падзяліўся і кіраўнік Асацыяцыі беларускага бізнэсу Яўген Буры. Паводле яго слоў, сёлета ён не атрымаў запрашэння ні на Калядны прыём да Прэзідэнта Польшчы, ні на Калядны прыём да Святланы Ціханоўскай.
«Ну хіба толькі гэта польскі бок паўплываў на рашэнне Святланы больш мяне не запрашаць на яе прыёмы. Бо не мог жа Офіс сам проста ўзяць і выкрасліць мяне са сваіх спісаў толькі за тое, што я не быў лаяльны і мог казаць тое, што я насамрэч думаю і пра Офіс, і АПК. І я шчыра веру, што яны сапраўды імкнуцца да «максімальнай разнастайнасці і інклюзіўнасці».
Сарказм Бурага падтрымала яго жонка Марына Гірын. Паводле яе слоў, «апошнія гады для некаторых дэмпалітыкаў ужо стала цалкам нормай хадзіць на прыёмы, на медыяканалы ды ездзіць у службовыя падарожжы з дзецьмі».
Гірын дадае, што не здзівіцца, «калі наступным іх крокам будзе завесці шпіца і хадзіць паўсюль яшчэ і з ім, рэпутацыю ж патрэбна неяк падымаць, калі спевы не дапамогуць».
Што адказалі абвінавачаныя
У той жа час дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка запэўніў:
«Не займаюся і не займаўся. (…) Офіс і Кабінет не выкрэсліваюць нікога, а наадварот, імкнуцца дадаваць імёны і перадаваць арганізатарам, каб нікога не забыць і каб усе былі запрошаныя і задаволеныя — у гэтым і ёсць мэта каляднага прыёму — сабраць усіх, незалежна ад поглядаў, партыяў, прафесій. Мы заўжды імкнемся да максімальнай разнастайнасці і інклюзіўнасці».
На крытыку адгукнулася адна са складальніц спіса — супрацоўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета, журналістка і арт-менеджарка Ірэна Кацяловіч.
«Коштам «ахвяры» некаторымі заўсёднікамі на прыёме пабываюць тыя, хто ніколі на ім не быў, — гэта прадстаўнікі культуры, медыя, публічныя асобы, а таксама нядаўна вызваленыя палітвязні.
Калі б была магчымасць запрасіць усіх, то, напэўна, запрасілі б, аднак пры наяўных магчымасцях хтосьці, на жаль, абавязкова мусіць саступіць.
З «навічкоў» таксама не ўдалося запрасіць усіх, каго хацелася б, але ў іх рэакцыях было нашмат больш разумення», — патлумачыла Кацяловіч і дадала: «Любы падобны спіс несправядлівы, неаб'ектыўны і не можа задаволіць усіх, але прыкра, што спадарства ў каментарах, разумеючы гэта, выкарыстоўвае прыём прэзідэнта Польшчы як чарговую нагоду для сварак і тэорый змовы».
«Калі вы так змагаецеся за справядлівасць і інклюзіўнасць — дык і адмовіліся б самі»
У спрэчку з ёй уступіў Яўген Буры, падкрэсліўшы, што з прадстаўнікамі бізнэсу ніхто не абмяркоўваў магчымасць замены:
«Калі б у мяне была такая опцыя — адмовіцца ад удзелу на карысць іншага (напрыклад, палітвязня) — я б з задавальненнем гэта зрабіў. Але яе не было. Ніхто нічога з намі як бізнэс-супольнасцю не абмяркоўваў».
«Калі вы так змагаецеся за справядлівасць і інклюзіўнасць — так і адмовіліся б самі як палітычныя структуры на карысць іншых. Хапіла б па аднаму прадстаўніку — тым больш што гэта амаль усе адныя і тыя ж людзі (і з дзецьмі хадзіць туды зусім не абавязкова). Глядзіш, так пару дзясяткаў месцаў бы звольнілася для іншых», — падсумаваў Буры.
Вырашыў выказацца і блогер Аляксандр Кныровіч:
«Пацешна… пацешна, што я такі, аказваецца, зусім не адзін… раней — запрашалі, зараз — не. Я вельмі рады, што саступіў гэтае месца нейкаму больш вартаму пабываць на прэзідэнцкім прыёме чалавеку».
Многія людзі выказалі і адкрытае абурэнне пастом Аляксея Дзікавіцкага.
«Брыдка чытаць, як людзі грызуцца за запрашэнне на нейкі там прыём. Ганьба», — пракаментаваў рэдактар «Нашай гісторыі» Андрэй Дынько.
«У Беларусі сядзіць 1100+ палітвязняў, у суседняй краіне ідзе вайна. Чым займаюцца дзеячы палітычнай эміграцыі? Плачуцца адзін аднаму і свету, што іх не паклікалі на нейкі ўрачысты прыём у Варшаве. Рэальна, людзі могуць перажываць, што не змогуць здалёк кіўнуць польскаму прэзідэнту і ўзняць пару келіхаў шампанскага. Цьфу ты, панылы сорам», — напісаў былы палітзняволены журналіст Ягор Марціновіч.
Чытайце таксама:
На прыёме ў прэзідэнта Дуды сабраўся ўвесь цвет беларускай апазіцыі ФОТА
Вячорка пра вынікі года: Мы палепшылі адносіны з Украінай, вярнулася ўвага да Беларусі
«Вы пачынаеце стагнаць, лухту розную гнаць» — філосаф Мацкевіч павучаў блогера Пятрухіна