«Выбягала з пад'езда ў піжаме і з гадавалай малой у пледзе». Пацярпелая падчас выбуху ў гомельскім доме расказала, як гэта было
Выбух бытавога газу ў доме на вуліцы Косарава, 3 у Гомелі, які адбыўся 17 снежня, пакінуў дзясяткі людзей без жылля. Перакрыцці з 6‑га да 9‑га паверху абрынуліся, жыхары да гэтага часу не могуць вярнуцца ў свае кватэры і жывуць у гатэлях або ў сваякоў. Выданне «Моцныя навіны» пагутарыла з Лідзіяй — жыхаркай пятага паверха.
Скрыншот АНТ
Кватэра Лідзіі ацалела часткова: у столі ўтварылася дзірка. Менавіта на паверх вышэй, па словах жанчыны, загінула суседка.
У момант выбуху Лідзія знаходзілася дома з гадавалай дачкой. Ад ударнай хвалі дзіця падкінула, саму жанчыну адкінула з канапы. Муж быў у камандзіроўцы, старэйшая дачка — у дзіцячым садку.
Праз акно Лідзія ўбачыла, як ляціць шкло, і зразумела, што адбылося надзвычайнае здарэнне. Яна схапіла малую, захінула яе ў плед, узяла вазок і выбегла з хаты — у піжамных штанах і шлапаках. Ліфт не працаваў, спусціцца з пятага паверха дапамагла суседка.
Па дарозе Лідзія паспела патэлефанаваць у хуткую. Службы МНС прыбылі хутка.
Ужо на лесвіцы ёй крыкнулі, што перакрыцці праваліліся з восьмага на сёмы паверх.
У кватэры застаўся папугай Анатоль. На наступны дзень, калі дазволілі зайсці, птушку ўдалося забраць — яна выжыла. Пазней сям'і дазволілі вынесці дакументы, частку рэчаў і тэхніку, затым — лекі і лядоўню з дапамогай ратавальнікаў. Астатнюю маёмасць апісалі, яе вынас забаранілі.
Сям'я пражыла ў доме пяць гадоў, ведала загінулую суседку. Яе ката знайшлі праз пяць дзён — жывёліна выжыла.
Цяпер сям'я жыве ў гатэлі і вяртацца ў кватэру не плануе.
«Мы туды не вернемся. Хочам кампенсацыю і новае жыллё», — кажа Лідзія.
Пакуль сям'і выплацілі толькі страхавыя 3050 рублёў. Страхавая гатовая кампенсаваць больш, але ацаніць шкоду немагчыма — у дом нікога не пускаюць. Дзяржаўную кампенсацыю сям'я і іншыя жыхары пакуль не атрымалі, тэрміны застаюцца невядомымі.
Чытайце таксама:
Што будзе з домам у Гомелі, дзе выбухнуў газ і загінула жанчына пад абломкамі?
Жыхарам гомельскага дома, які пацярпеў ад выбуху газу, дазволілі вярнуцца дахаты
Загінулую жанчыну знайшлі пры разборы перакрыццяў дома ў Гомелі
Стала вядома, калі ў Гомелі пачнуць дэмантаж часткі дома, пацярпелага ад выбуху газу