На Гродзеншчыне паказалі, як зімой падкормліваюць зуброў
Узімку зубрам патрэбная дадатковая падтрымка, каб яны не пакутавалі ад недахопу корму. Таму егерская служба рэгулярна дастаўляе на падкормачныя пляцоўкі дзясяткі тон сена і іншых кармоў. За адзін зімовы сезон адна папуляцыя зуброў можа з’есці да 50 тон сена, паведамляе прэс-служба Гродзенскага аблвыканкама.
Харчаванне гэтых жывёл павінна быць не толькі сытным, але і багатым на вітаміны і карысныя рэчывы. Пры неабходнасці ў корм дадаюць мінеральныя сумесі або лекавыя прэпараты.
Асобнае месца ў рацыёне займае соль, якая з’яўляецца сапраўдным ласункам для зуброў. Дзеля яе на саланцы прыходзяць нават самыя асцярожныя жывёлы, якіх рэдка можна ўбачыць на адкрытых палях.
Як адзначыў галоўны спецыяліст паляўніча-рыбалоўнай гаспадаркі СПК «Азёры Гродзенскага раёна» Станіслаў Басько, у гаспадарцы абсталявана 20 саланцоў. Загадзя, яшчэ летам, тут нарыхтоўваюць каля 50 тон сена, прыкладна 100 тон буракоў і каля 50 тон яблыкаў для зімовага корму.
Падчас здымак адбыўся паказальны выпадак: не прайшло і паўгадзіны пасля таго, як работнікі прывезлі прычэп з кормам, як статак зуброў ужо сабраўся каля кармушак і пачаў есці.
Першыя 18 зуброў былі завезеныя ў Гродзенскі раён з Белавежскай пушчы ў 1997 годзе. Сёння тут знаходзіцца трэці па колькасці пагалоўя статак у Беларусі — каля 600 жывёл, і яго колькасць працягвае паступова расці.
Чытайце таксама:
Беларуска гуляла па лесе і сустрэла статак зуброў ВІДЭА
Улюбёны ласунак зуброў назвалі ў паляўнічай гаспадарцы — яго даюць круглы год
Сусветны чэмпіён па колькасці зуброў ужо не Беларусь і не Польшча