Зяленскі заўтра паедзе ў Давос, каб сустрэцца з Трампам
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў чацвер, 22 студзеня 2026 года, прыбудзе на Сусветны эканамічны форум у Давосе, каб сустрэцца з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, піша «Еўрапейская праўда».
Уладзімір Зяленскі. Фота: AP Photo / Markus Schreiber
Па інфармацыі выдання Axios са спасылкай на ўкраінскага чыноўніка, сустрэча адбудзецца ў Швейцарыі ў той самы час, калі пасланнікі Белага дома Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер будуць весці перамовы ў Маскве з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Абедзве сустрэчы будуць прысвечаныя абмеркаванню «мірнага плана» ЗША па заканчэнні вайны ва Украіне.
ЗША ўжо «блізкія да дамоўленасці» з Украінай адносна палажэнняў плана, у той час як Расія пакуль не дала публічнага пацвярджэння. Axios адзначае, што адсутнасць згоды Расіі па 20‑пунктавым плане стала адной з прычын, чаму Белы дом не захацеў падпісваць «план росквіту» для Украіны падчас форуму ў Давосе.
Сам Трамп у сваім выступе на форуме пацвердзіў, што сустрэнецца з Зяленскім, і назваў датай сустрэчы сераду. Аднак дарадца прэзідэнта Украіны Дзмітрый Літвін пазней удакладніў, што па стане на 17:00 21 студзеня Зяленскі знаходзіцца ў Кіеве.
20 студзеня Зяленскі адзначаў, што ўмовай сустрэчы з амерыканскім бокам у Давосе павінны быць канкрэтныя вынікі.
Чытайце таксама:
«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай
Трамп у Давосе: Еўропа рухаецца не ў тым кірунку
Нарвегія адмовілася ўвайсці ў трампаўскую Раду міру
«Бог вельмі ганарыцца працай, якую я зрабіў». Трамп вылецеў на Сусветны эканамічны форум у Давосе