Чаму Мерц так стрымана рэагуе на Трампаў замах на Грэнландыю? Бо Германія найбольш залежная ад ЗША
Германія — самая ўразлівая з васьмі еўрапейскіх краін, якім прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пагражае вялікімі мытамі за падтрымку Даніі ў пытанні Грэнландыі. У чым асноўная залежнасць Берліна, тлумачыць Украінская служба Deutsche Welle.
Фрыдрых Мерц і Дональд Трамп. Фота: Suzanne Plunkett, Pool Photo via AP
Фрыдрых Мерц у гэтыя дні старанна падбірае словы. Звычайна вядомы сваімі даволі прамымі і рэзкімі выказваннямі, федэральны канцлер Германіі стрымана адрэагаваў на пагрозы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў сувязі з крызісам вакол Грэнландыі. У адрозненне ад іншых лідараў «еўрапейскай тройкі» — Германіі, Францыі і Вялікабрытаніі — канцлер пакуль устрымліваецца ад рэзкіх заяў.
Мерц, відавочна, чакае асабістай сустрэчы з Трампам на пляцоўцы Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе, а таксама пазачарговага саміта Еўрасаюза 22 студзеня. У Бруселі абмяркуюць адказ Еўропы на абвешчаныя Трампам 10‑працэнтныя мыты на тавары з васьмі еўрапейскіх краін на фоне настойлівых прапаноў прэзідэнта ЗША купіць найбуйнейшы ў свеце востраў і намёкаў на гатоўнасць яго анексаваць.
Чаму кіраўнік урада наймацнейшай эканамічна дзяржавы Еўропы такі стрыманы? Аглядальнікі і эксперты тлумачаць гэта залежнасцю Германіі ад ЗША, якая сфармавалася пасля Другой сусветнай вайны і ў цэлым мацнейшая, чым у іншых краін.
Як нямецкая армія і спецслужбы залежаць ад ЗША
На фоне вайны Расіі супраць Украіны, што працягваецца чацвёрты год, Германія як ніколі з часу заканчэння халоднай вайны залежыць ад вайсковай моцы ЗША. Гэта і размешчаная на яе тэрыторыі амерыканская ядзерная зброя, і найбуйнейшы ў Еўропе амерыканскі кантынгент — каля 50 тысяч вайскоўцаў. Пры гэтым нямецкая армія пасля дзесяцігоддзяў эканоміі і скарачэнняў толькі пачала перааснашчэнне і нарошчванне колькасці. На гэта спатрэбіцца як мінімум некалькі гадоў.
Яшчэ больш адчувальная залежнасць па асобных відах узбраенняў. Калі танкі, гарматы, караблі і падводныя лодкі Германія вырабляе сама, то ў авіяцыі, яшчэ больш — у ракетных тэхналогіях немцы залежаць ад зброі Made in USA. Гэта і дзясяткі нядаўна заказаных сучасных знішчальнікаў F-35, аналагаў якіх у Еўропе няма, транспартныя верталёты Boeing CH-47 Chinook, а таксама сістэма СПА Patriot. Германія таксама хоча набыць у ЗША ракетны комплекс сярэдняй дальнасці Typhon, стварэнне еўрапейскіх ракет такога тыпу яшчэ толькі вядзецца.
Урэшце, нямецкая армія і спецслужбы крытычна залежаць ад амерыканскіх сістэм навядзення, касмічнай разведкі і збору лічбавых даных. Значная частка папярэджаных у Германіі тэрактаў — заслуга амерыканскіх спецслужбаў, якія падзяліліся інфармацыяй з Берлінам.
Ад ЗША залежаць сотні тысяч працоўных месцаў у Германіі
Яшчэ мацнейшая залежнасць — у эканоміцы. Германія, хоць і страціла тытул чэмпіёна свету па экспарце, саступіўшы Кітаю, застаецца экспартаарыентаванай эканомікай. ЗША — галоўны гандлёвы партнёр Германіі. Залежнасць Берліна ад амерыканскага рынку вышэйшая, чым у іншых краін «васьмёркі», якім Трамп пагражае мытамі.
Паводле даных Федэральнага статыстычнага ведамства, за перыяд са студзеня па лістапад 2025 года Германія паставіла ў ЗША тавараў на суму 135,8 мільярда еўра. Прытым гэты паказчык значна ўпаў — прыкладна на 10% у параўнанні з аналагічным перыядам 2024 года. Гэта тлумачаць увядзеннем 15‑працэнтнага мыта для краін ЕС. Імпарт тавараў з ЗША ў Германію, як і раней, адстае, хоць і вырас на 2,2%, склаўшы 86,9 мільярда еўра за 11 месяцаў.
Роўна год таму, у студзені 2025 года, даследаванне інстытута Prognos, пра якое пісала Süddeutsche Zeitung, прадказвала Германіі рызыку страты да 300 тысяч працоўных месцаў у выпадку рэалізацыі планаў Трампа па ўвядзенні мытаў. Тады найгоршага сцэнару ўдалося пазбегнуць, ЕС і ЗША дамовіліся. Цяпер гэтая дамоўленасць пад пагрозай зрыву праз канфлікт вакол Грэнландыі.
У цэлым інстытут Prognos падлічыў, што рознай ступені залежнасці ад гандлю з ЗША ў Германіі падлягае каля 1,2 мільёна працоўных месцаў, гэта прыкладна кожнае дзясятае. Пасля некалькіх гадоў рэцэсіі ў ФРГ у 2025 годзе зафіксавалі нязначны рост эканомікі, але новыя мыты могуць паставіць крыж на планах урада Мерца зрабіць яе ўстойлівай.
Найперш ад ЗША залежыць нямецкая фармацэўтычная прамысловасць. Яе доля ў агульным аб’ёме гандлю Германіі з Амерыкай складае прыкладна чвэрць. Не менш важныя экспартныя галіны — машынабудаванне, аўтапрам, авіяцыйная тэхніка, медыцынскае абсталяванне і хімічная прамысловасць.
Татальная залежнасць ад лічбавых гігантаў з ЗША
Варта ўзгадаць і павышаную ў апошнія гады залежнасць Германіі ад амерыканскіх энерганосьбітаў. Так, доля амерыканскага звадкаванага газу (LNG) складае 80%, хаця ў цэлым LNG пакрывае толькі каля 10% імпарту газу ў Германію. Асноўная частка газу, як і раней, ідзе па трубаправодах, Расію як галоўнага пастаўшчыка замяніла Нарвегія.
Перыядычна ў Германіі абмяркоўваюць амаль татальную залежнасць ад амерыканскіх канцэрнаў у сферы лічбавых тэхналогій — Microsoft, Google, Apple, Meta. Без іх прадукцыі эканоміка Германіі «спынілася б», піша ў свежым нумары часопіс Der Spiegel.
Спробы абмежаваць іх уплыў на еўрапейскім узроўні былі сціплымі, а распрацовак уласнага софту мала. Праўда, такую залежнасць маюць і іншыя еўрапейскія краіны.
Урэшце, не варта забывацца і пра космас. Да маштабнай вайны супраць Украіны Германія актыўна карысталася паслугамі Расіі як для дастаўкі нямецкіх касманаўтаў на Міжнародную касмічную станцыю (МКС), так і для запуску спадарожнікаў. Цяпер ільвіная доля гэтага рынку — у ЗША.
Кампанія амерыканскага мільярдэра Ілана Маска SpaceX запусціла ў 2025 годзе 165 ракет у космас. Новая еўрапейская ракета-носьбіт «Арыяна-6» зрабіла толькі чатыры запускі. І хоць у Германіі, асабліва ў Баварыі, апошнімі гадамі актыўна развіваюцца стартапы ў сферы цывільных ракетных тэхналогій, да паспяховых серыйных пускаў ім яшчэ далёка.
Чытайце таксама:
Вайскоўцы з Германіі без тлумачэнняў датэрмінова пакінулі Грэнландыю
Азербайджан пачаў пастаўкі газу ў Германію і Аўстрыю
Еўропа адвыкла ад расійскага газу. Халодная зіма 2026 года ўпершыню абышлася без крызісу
Трамп абклаў мытамі еўрапейскія краіны, пакуль яны не саступяць яму Грэнландыю