БЕЛ Ł РУС

Канец «міру» з Лукашэнкам: як адстаўка Ермака паўплывала на курс Украіны адносна Беларусі

26.01.2026 / 20:40

Nashaniva.com

Працэс вываду Лукашэнкі з міжнароднай ізаляцыі будзе працягвацца. А для супрацьдзеяння гэтаму Кіеву і беларускай апазіцыі лепш дзейнічаць разам. Украіна карэнным чынам змяняе падыходы да супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, піша рэдактар украінскага выдання «Еўрапейская праўда» Юрый Панчанка.

Уладзімір Зяленскі і Святлана Ціханоўская ў Вільні 25 студзеня. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

25 студзеня ў Вільні прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ўпершыню правёў сустрэчу са старшынёй Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святланай Ціханоўскай, сустрэчы з якой дагэтуль старанна пазбягаў. Прычым не толькі пагутарыў, але і паабяцаў станоўча вырашыць пытанні, узнятыя беларускім бокам. А таксама запрасіў Святлану Ціханоўскую ў Кіеў.

Пры гэтым ініцыятыва сустрэчы была менавіта з украінскага боку, што ўжо зусім нехарактэрна для адносін з беларускай апазіцыяй.

Прычына такой рэзкай змены палітыкі Кіева можа мець унутраны характар — праціўнікам такіх кантактаў быў папярэдні кіраўнік Офіса прэзідэнта Андрэй Ярмак.

Разам з тым супрацоўніцтва з беларускай апазіцыяй зараз як ніколі патрэбна Украіне.

Паколькі Злучаныя Штаты зараз узялі курс на паступовае зняцце санкцый з Беларусі, а разам з тым — на вывад самаабвешчанага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з дыпламатычнай ізаляцыі, запрасіўшы яго ў склад новастворанай Рады міру.

Гэта істотна ўзмацняе рызыкі як для дэмакратычнай Беларусі, так і для Украіны, супрацьстаяць якім лепш разам. Менавіта таму пры спрыянні беларускай апазіцыі Украіна можа пачаць працэдуру па падачы Лукашэнкі ў міжнародны вышук.

Рэвізія «спадчыны» Ермака

Кароткае пацісканне рук на публічным мерапрыемстве ў нямецкім горадзе Аахен у маі 2023 года. Складана паверыць, але такое «камунікаванне» дагэтуль заставалася адзінай асабістай камунікацыяй паміж Уладзімірам Зяленскім і Святланай Ціханоўскай.

Нельга сказаць, што кантактаў не было наогул — ва Украіну перыядычна прыбывалі прадстаўнікі Ціханоўскай, мелі сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў і Офісе прэзідэнта, у складзе МЗС да мінулага года была пасада пасла па асаблівых даручэннях па Беларусі, аднак усе спробы беларускага боку арганізаваць візіт у Кіеў Святланы Ціханоўскай завяршаліся адмовай.

Афіцыйным тлумачэннем гэтага быў шэраг не зусім дружалюбных да Украіны заяў, агучаных Святланай Ціханоўскай падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Зрэшты, пасля яна істотна падкарэктавала сваю пазіцыю, а з пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі — безагаворачна стала на бок Украіны.

Тым не менш, афіцыйны Кіеў аддаваў перавагу таму, каб гэтага не заўважаць, альбо ігнаруючы адносіны з беларускай апазіцыяй, альбо нават спрабуючы штучна стварыць партнёра па дыялогу з беларускага боку на базе Палка імя Кастуся Каліноўскага — беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць у складзе УСУ. Не беручы пад увагу, што такія крокі толькі дадаткова расколваюць і аслабляюць беларускую апазіцыю.

Яшчэ адзін паказальны факт: ужо амаль год ва Украіне няма пасла па асобых даручэннях па Беларусі — так, нібы гэты напрамак не з'яўляецца для нас важным.

Менавіта таму ўжо сам факт сустрэчы ў Вільні дэманструе разварот курсу Кіева.

«Многія эксперты, і я з гэтым згодны, звязваюць гэтую змену са зменай на чале Офіса прэзідэнта», — прызнае былы пасол па асаблівых даручэннях па Беларусі Ігар Кізім.

Аналагічную думку «ЕўраПраўдзе» раней неаднаразова даводзілася чуць ад прадстаўнікоў прэзідэнцкага офіса і ўрада — пра тое, што праціўнікам такіх сувязяў быў непасрэдна Андрэй Ермак.

Прычым прычыны такой палітыкі тлумачыліся так: беларуская дэмакратычная каманда слабая і раздробленая, там перыядычна ўспыхваюць канфлікты. А таму супрацоўніцтва з камандай Ціханоўскай ніякім чынам не ўзмацніць Украіну, а замест гэтага створыць дадатковыя рызыкі на беларускай мяжы.

«Я не ведаю, ці ёсць падставы казаць пра «дагаварняк»; хутчэй за ўсё, не. Аднак было перакананне, што калі лішні раз не раздражняць Лукашэнку, ён не будзе глыбей уцягвацца ў вайну супраць Украіны. І хоць ужо ў мінулым годзе — пасля таго як стала вядома пра планы РФ размясціць у Беларусі ракеты «Арэшнік» — стала канчаткова зразумела, што гэтая логіка не спрацавала, ад яе не хацелі адмаўляцца», — тлумачыць Ігар Кізім.

Беларусь у Еўропу, Лукашэнку — у вышук

«Беламу шпіцу Лукашэнкі пакінута больш правоў, чым народу Беларусі», — гэтая фраза Уладзіміра Зяленскага, якая прагучала ў прамове ў Вільні, аказалася самай цытаванай.

Аднак больш важным быў іншы меседж гэтай прамовы.

«Я хачу сказаць асобна для народа Беларусі. Вы — еўрапейскі народ, які будзе разам з усімі нашымі народамі ў аб'яднанай свабоднай Еўропе. Еўропе мірнай. Еўропе моцнай. Вас не сцерці. Нас усіх не сцерці», — заявіў украінскі прэзідэнт.

Сустрэча ў Вільні, на якую прыбыў не толькі Зяленскі, але і прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі, была прысвечана ўшанаванню памяці ўдзельнікаў паўстання 1863‑1864 гадоў.

Цяперашняя Беларусь была цэнтрам гэтага паўстання, а яе лідарам — нацыянальны герой Беларусі Кастусь Каліноўскі. Гэта значыць, фармат мерапрыемстваў рабіў абавязковай прысутнасць беларускага боку (вядома, не лукашэнкаўскага, дзе ў апошнія гады актыўна знішчаюць усё, што звязана з паўстаннем супраць Расіі і Каліноўскім).

Аднак і ў такой сітуацыі Кіеў мог бы звесці да мінімуму кантакты з Ціханоўскай. Але адбылося зусім адваротнае!

Упершыню Кіеў сам ініцыяваў размову Зяленскага з Ціханоўскай.

«Я падзякавала яму за яго гістарычную прамову, трэць якой была прысвечана Беларусі. Я вельмі ўдзячная — гэта гістарычная прамова. Я сказала, што многія беларусы ў Літве і Польшчы ваявалі ва Украіне, і многія ваююць. Гэта нашая агульная справа. Я папрасіла прызначыць спецыяльнага прадстаўніка па пытаннях Беларусі замест спадара Кізіма, каб у нас было больш людзей для цеснага супрацоўніцтва», — распавядала пра сустрэчу з Зяленскім Святлана Ціханоўская.

І дадала, што ўкраінскі прэзідэнт пагадзіўся з неабходнасцю прызначыць дыпламата на беларускі напрамак.

Зрэшты, паводле даных «ЕўраПраўды», дамоўленасці пайшлі значна далей. У прыватнасці, абмяркоўвалася магчымасць адкрыцця крымінальнага пераследу Лукашэнкі. Крок, які канчаткова закрые любыя магчымасці для закулісных дамоўленасцяў з беларускім дыктатарам.

Не даць Лукашэнку выйсці з ізаляцыі

Дыялог паміж Украінай і дэмакратычнымі сіламі Беларусі стартаваў у той момант, калі самаабвешчаны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка атрымаў самы рэальны за гады поўнамаштабнай вайны шанец выйсці з міжнароднай ізаляцыі і зняць значную частку санкцый.

Нагадаем, у снежні мінулага года Лукашэнка даў згоду выпусціць самых вядомых палітвязняў, уключна з нобелеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім. А ЗША ў адказ знялі санкцыі з беларускага калію.

Тады спецпрадстаўнік Трампа Джон Коўл меркаваў, што астатніх палітвязняў — а іх застаецца ў Беларусі яшчэ каля тысячы — могуць вызваліць на працягу месяца.

І хоць гэты амбіцыйны прагноз не рэалізаваўся, у Вашынгтоне не страцілі цікавасці да кантактаў з Лукашэнкам.

Дональд Трамп нават запрасіў яго (а таксама Уладзіміра Пуціна) у склад Рады міру — і ў адрозненне ад большасці еўрапейскіх лідараў, Лукашэнка гэтае запрашэнне імгненна прыняў.

Усё гэта дазваляе выказаць здагадку, што працэс вываду Лукашэнкі з міжнароднай ізаляцыі будзе працягвацца.

У прыватнасці, у Мінску разлічваюць, што адміністрацыя Трампа дапаможа ім арганізаваць транзіт калію — бо без яго зняцце санкцый не будзе мець станоўчага эфекту для эканомікі.

Традыцыйна беларускі калій імпартаваўся транзітам праз Літву ў порт Клайпеды, аднак далёка не факт, што нават цяперашні, значна больш прагматычны ўрад Літвы пагодзіцца разблакаваць транзіт.

Альтэрнатыўным маршрутам для беларускага калію можа быць Украіна. Як бы абсурдна гэта ні гучала, але ў Лукашэнкі не хаваюць надзей, што такі транзіт можа быць прапісаны ў будучай мірнай дамове.

Пры такім раскладзе Украіне было патрэбна даць выразны сігнал: падобныя здзелкі за нашай спінай недапушчальныя і не будуць намі прынятыя. Наладжванне кантактаў з офісам Ціханоўскай можна лічыць менавіта такім сігналам.

«У рэшце рэшт, Украіна не зрабіла нічога асаблівага. Ціханоўскую прызнаюць дэмакратычным лідарам Беларусі ва ўсёй Еўропе, і мы проста нарэшце далучыліся да агульнай еўрапейскай пазіцыі», — рэзюмуе Ігар Кізім.

Чытайце таксама:

«Ні слова па-расейску». На ўчарашняй сустрэчы Ціханоўская і Зяленскі гаварылі кожны на сваёй мове

Чаму Зяленскі перагледзеў стаўленне да беларускай апазіцыі? Аналіз Валера Карбалевіча

Ціханоўская абмеркавала з міністрам замежных спраў Украіны дэталі прызначэння новага спецпасланніка ў Беларусі

Ціханоўская і Зяленскі ўпершыню правялі сустрэчу. Зяленскі запрасіў Святлану ў Кіеў

«Вельмі добра разумею беларускую мову. Нават не думаў». З'явілася ВІДЭА размовы беларускіх палітвязняў з Зяленскім

Каментары да артыкула