У наступным годзе збіраюцца здаць новы архіўны комплекс у Мінску
Міністр юстыцыі Яўген Каваленка паведаміў, што новы архіўны комплекс, які цяпер будуецца ў Мінску, стане сучасным архіўным хабам. У ім будзе сканцэнтраваная праца па ўсіх асноўных напрамках архіўнай справы — ад захавання дакументаў да іх лічбавай апрацоўкі, навуковых даследаванняў і папулярызацыі архіўных матэрыялаў, піша БелТА.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: БелТА
Згодна з праектнай дакументацыяй, будаўніцтва павінна быць закончана ў 2027 годзе, аднак улады імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб архіўны комплекс пачаў працаваць раней.
Новы комплекс будзе не проста месцам захавання архіваў. У ім таксама размесцяцца арганізацыі архіўнай галіны, якія будуць займацца развіццём лічбавых тэхналогій, навуковай дзейнасцю і пашырэннем доступу грамадства да архіўных матэрыялаў.
Паводле слоў Яўгена Каваленкі, архіўнае захоўванне — гэта высокатэхналагічны працэс, які патрабуе спецыяльнага абсталявання для падтрымання патрэбнага тэмпературнага рэжыму, гарантавання пажарнай бяспекі і лічбавізацыі дакументаў. Таму разам з будаўніцтвам будынка паралельна ўкараняюцца сучасныя тэхналагічныя рашэнні.
Міністр таксама адзначыў, што дзяржава актыўна ўкладвае сродкі ў развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы архіўных устаноў. У 2024—2025 гадах у Гомелі, Гродне, Магілёве і Віцебску былі адкрытыя чатыры новыя архівасховішчы. Акрамя таго, працягваецца рэканструкцыя будынка Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў у Дзяржынску, якую плануюць завяршыць да 3 ліпеня.
Для павышэння эфектыўнасці працы архіваў таксама закупляецца сучаснае абсталяванне, у тым ліку сканеры, што дазваляе хутчэй аблічбоўваць дакументы і забяспечваць іх надзейнае лічбавае захоўванне.
Чытайце таксама:
У Польшчу з Германіі вярнуўся вывезены нацыстамі архіў з пячаткамі Вітаўта і Ягайлы