БЕЛ Ł РУС

Мінэнерга расказала, як цяпер будзе асвятляць вуліцы

4.02.2026 / 18:24

Nashaniva.com

Міністэрства энергетыкі Беларусі разам з мясцовымі ўладамі плануе распрацаваць адзіныя правілы працы вулічнага асвятлення па ўсёй краіне. Пра гэта ішла гаворка 4 лютага на нарадзе, прысвечанай змяненню рэжымаў асвятлення, паведамілі ў прэс-службе ведамства.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Нагодай для абмеркавання стала крытыка з боку Аляксандра Лукашэнкі, які напярэдадні на нарадзе па сацыяльна-эканамічным развіцці Віцебскай вобласці звярнуў увагу на нерацыянальнае выкарыстанне электраэнергіі. Па словах палітыка, у краіне марнуюцца лішнія сродкі, таму ён даручыў наладзіць такую сістэму, каб вулічнае асвятленне аўтаматычна выключалася каля сёмай ці паловы восьмай раніцы.

На нарадзе ў Мінэнерга абмяркоўвалі, як аптымізаваць графікі асвятлення ў населеных пунктах, каб электраэнергія выкарыстоўвалася больш эфектыўна. Было пастаўлена заданне выпрацаваць адзіны падыход з улікам сацыяльных нормаў і спецыфікі сельскіх тэрыторый.

У ведамстве адзначылі, што час уключэння і выключэння святла вызначаецца з улікам усходу і заходу сонца. Пры гэтым у месцах з павышанай небяспекай — каля школ, бальніц, на пешаходных пераходах — плануецца ўводзіць асобныя, спецыяльныя рэжымы асвятлення.

Таксама ў Мінэнерга падкрэслілі, што кіраванне вулічным асвятленнем у большасці выпадкаў ажыццяўляецца дыстанцыйна, што дазваляе хутка змяняць графікі з улікам умоў і патрэб канкрэтных рэгіёнаў.

Чытайце таксама:

«Вы ашалелі! Колькі мы трацім грошай!» Лукашэнка даручыў зменшыць асвятленне на вуліцах

Парк імя Чалюскінцаў рыхтуецца да рэканструкцыі — пачынаецца грамадскае абмеркаванне

Для паскарэння будаўніцтва метро ў Мінску закупілі другую «Алесю»

Каментары да артыкула