У Германіі беларус спрабаваў пратараніць паліцэйскі аўтамабіль
У нямецкім горадзе Аўгсбург у Баварыі паліцыя затрымала 31‑гадовага кіроўцу, які ехаў па вуліцах на высокай хуткасці ў стане алкагольнага ап’янення і ствараў небяспеку для дарожнага руху, піша сайт «Беларусь и мир».
Фота ілюстрацыйнае
Падзея адбылася раніцай у суботу, 31 студзеня, каля 5:30. Аўтамабіль парушаў правілы дарожнага руху, у тым ліку рухаўся па пешаходнай зоне на плошчы Кёнігсплац. Калі паліцыя запатрабавала спыніцца, кіроўца не адрэагаваў і на вялікай хуткасці з'ехаў, пасля чаго сілавікі мусілі кінуцца ў пагоню.
Паліцэйскія пераследавалі мужчыну амаль да выезду з горада. Падчас пераследу кіроўца рабіў небяспечныя манеўры, спрабаваў тараніць паліцэйскі аўтамабіль і прабіў вароты, заехаўшы на тэрыторыю аднаго з прадпрыемстваў.
Урэшце яго затрымалі на месцы, канфіскавалі пасведчанне кіроўцы і ключы ад аўто, а машыну эвакуявалі. Алкатэстар паказаў каля 1,4 праміле алкаголю ў крыві.
Варта адзначыць, што мужчына мае два грамадзянствы — беларускае і нямецкае.
Чытайце таксама:
У Польшчы адразу двух беларускіх дальнабойшчыкаў злавілі п'янымі за рулём
П'яны беларус на памежным пункце пропуску збіў ліхтар. Яго могуць дэпартаваць