БЕЛ Ł РУС

Садоўніка з-пад Барысава асудзілі. Меркавана, па справе Гаюна

24.02.2026 / 10:00

Nashaniva.com

Мікалай Дамаронак зарабляў тым, што ўпрыгожваў сады. Нядаўна яго асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Мікалай Дамаронак. Фота з ягонага тыктока

36‑гадовы Мікалай Дамаронак родам з аграгарадка Неманіца ў Барысаўскім раёне. У 2012‑м скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. Мае жонку.

З 2017 года мужчына пачаў свой бізнэс. Мікалай спецыялізуеецца на добраўпарадкаванні ўчасткаў: стрыг кусты, даглядаў газоны, прадаваў і высаджваў туі, рабіў залёнае ўпрыгожанне. Ён вядзе прафесійныя старонкі ў сацсетках, дзе распавядае пра сваю працу. У інтэрнэце выключна станоўчыя водгукі на яго.

Адна з апошніх прац Мікалая Фота: domoronoknikolaj / Tiktok

Мікалая затрымалі ўвосень 2025 года. У канцы 2025 ці пачатку 2026 года мужчыну асудзілі. Яго абвінавачвалі паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Прысудзілі ці калонію, ці хімію з накіраваннем.

У сацсеткі Дамаронак так і не вярнуўся, а старонкі бізнэсу неактыўныя — падобна, што Мікалая пакаралі рэальным тэрмінам. 

«Беларускі Гаюн» — маніторынгавы OSINT-праект, які быў створаны ў 2022 годзе, калі Расія праз Беларусь напала на Украіну. Праект адсочваў ваенную актыўнасць расійскіх і беларускіх войскаў, абапіраючыся на інфармацыю ад беларусаў. Каардынавала яго дзейнасць група актывістаў на чале з Антонам Матолькам.

Справа Гаюна пачалася пасля таго, як сілавікі затрымалі актывістку, якая некалькі гадоў жыла ў Беларусі ў падполлі. У яе мабільніку знайшлі спасылку на далучэнне ў бот Гаюна, якую ёй дасылалі ў самым пачатку існавання праекта. Фатальная памылка была ў тым, што спасылка была бестэрміновая. А таму сілавікі змаглі падключыцца да бота і выпампаваць адтуль усю інфармацыю. Яны атрымалі паведамленні акаўнтаў, якія пісалі ў бот, а таксама іхнія ID і імёны карыстальнікаў.

Саму ж дзяўчыну затрымалі праз тое, што яна была вымушаная звярнуцца ў дзяржаўныя структуры, да медыкаў. У яе хлопца, які хаваўся разам з ёй, пачаліся моцныя праблемы са здароўем на фоне арышту яго бацькі.

Заснавальнік Гаюна Антон Матолька адразу пасля ўзлому патлумачыў, як адбыўся выцек інфармацыі і абвесціў пра закрыццё праекта. 

Чытайце таксама:

Пісаў у чатах па-беларуску і сам рамантаваў сваё аўто. Кіраўніка інавацый IT-кампаніі 4RM Systems кінулі за краты за палітыку

Што можа пагражаць тым, хто пісаў у бот «Беларускага Гаюна»? І што можна зрабіць цяпер

Эканамістку з «Армтэка», якая перайшла ў IT і дапамагала бяздомным жывёлам, асудзілі па справе Гаюна

Каментары да артыкула