БЕЛ Ł РУС

Спецпрадстаўнік Пуціна пацвердзіў, што Расія прапануе ЗША за зняцце санкцый здзелку коштам у трыльёны даляраў

19.02.2026 / 17:50

Nashaniva.com

Спецпрадстаўнік прэзідэнта Расіі і кіраўнік Расійскага фонду прамых інвестыцый Кірыл Дзмітрыеў заявіў, што ў выпадку адмены амерыканскіх санкцый ЗША могуць атрымаць доступ да сумесных праектаў з Расіяй агульным коштам больш за 14 трыльёнаў даляраў.

Кірыл Дзмітрыеў і спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф. Фота: Vyacheslav Prokofyev, Sputnik, Kremlin Pool. Photo via AP, File

«ЗША ў канчатковым выніку адменяць санкцыі, таму што санкцыі супраць Расіі абышліся амерыканскім кампаніям больш чым у $300 мільярдаў. Адмена санкцый супраць Расіі адпавядае інтарэсам ЗША», — напісаў Дзмітрыеў у сацсетцы Х.

Так ён пракаментаваў публікацыю часопіса The Economist, дзе сцвярджалася, што Масква прапаноўвала Вашынгтону праекты прыкладна на 12 трыльёнаў даляраў у абмен на зняцце абмежаванняў.

Паводле крыніц выдання, падчас перамоў аб завяршэнні вайны ва Украіне Крэмль прапаноўваў людзям, блізкім да сям’і Дональда Трампа, долі ў расійскіх энергетычных і інфраструктурных праектах. Сярод іх называліся здабыча нафты і газу ў Арктыцы, распрацоўка радовішчаў рэдказямельных металаў, стварэнне дата-цэнтра з выкарыстаннем ядзернай энергетыкі, а таксама будаўніцтва тунэля пад Берынгавым пралівам.

Таксама паведамлялася, што перад сустрэчай Уладзіміра Пуціна з Трампам на Алясцы ў жніўні летась для Рады бяспекі Расіі падрыхтавалі дакумент з прапановамі, як прадставіць ЗША «вялікую эканамічную здзелку». У ім Расію апісвалі як крыніцу велізарных арктычных і паўночных рэсурсаў, якія могуць прыцягнуць інвестыцыі з ЗША і іншых краін.

У той жа час The Economist адзначае, што нават пры вяртанні імпарту да ўзроўню 2021 года і пры ўмове, што амерыканскія кампаніі атрымаюць палову ўсяго аб’ёму замежнага бізнэсу ў Расіі, гадавы прыбытак склаў бы каля 340 мільярдаў долараў. Каб дасягнуць агучаных 12 трыльёнаў, такія даходы павінны захоўвацца на працягу многіх дзесяцігоддзяў. Выданне таксама падкрэслівае, што аднаўленне шырокай эканамічнай супрацы магло б спрыяць аднаўленню расійскай эканомікі і стварыць рызыкі для будучай бяспекі.

Чытайце таксама:

The Economist: Крэмль прапанаваў сям'і Трампа за зняцце санкцый долі ў энергетычных актывах

Кіраўнікі еўрапейскіх разведслужбаў не разлічваюць на спыненне вайны ў гэтым годзе — Reuters

Прадстаўнікі Украіны і Расіі сустрэліся асобна пасля завяршэння трохбаковых перамоў у Жэневе

Уіткаф пасля перамоў у Жэневе заявіў аб велізарным прагрэсе

Каментары да артыкула