БЕЛ Ł РУС

Зямлю ксяндза Акалатовіча не змаглі прадаць праз аўкцыён

24.02.2026 / 23:47

Nashaniva.com

Электронныя таргі па продажы зямельнага ўчастка, які належыць ксяндзу Генрыху Акалатовічу ў вёсцы Новая Мыш Баранавіцкага раёна, не адбыліся. Яны былі прызначаныя на 24 лютага, аднак аўкцыён завяршыўся нічым з прычыны адсутнасці ўдзельнікаў — ніхто не захацеў купляць зямлю святара, піша Katolik.life.

Айцец Генрых Акалатовіч

Гэты невялікі ўчастак — зямля бацькоў святара, якая знаходзіцца непадалёк ад бацькоўскага дому, — цяпер з'яўляецца арыштаванай маёмасцю і выстаўляўся на продаж «у кошт пагашэння запазычанасці па выканаўчай вытворчасці».

Таксама вернікам вядома, што пад арышт трапіў і мікрааўтобус, які належыць не святару, а парафіі.

Як раней паведамлялася, паводле абвінавачвання ў «здрадзе дзяржаве» акрамя пазбаўлення волі тэрмінам на 11 гадоў ксяндза Акалатовіча абавязалі выплаціць нібыта прычыненую дзяржаве шкоду на суму 1 мільён 700 тысяч рублёў — гэта 500 тысяч еўра.

Яго выпусцілі на свабоду, аднак абавязак выплаты велізарнай сумы не знялі. Раней у кошт пагашэння запазычанасці быў прададзены асабісты аўтамабіль ксяндза — 20‑гадовы Volkswagen.

Яшчэ адно арыштаванае аўто — мікрааўтобус той жа маркі і такога ж узросту, які фармальна зарэгістраваны на былога пробашча, аднак з'яўляецца ўласнасцю парафіі. Верагодна, яго таксама паспрабуюць прадаць з аўкцыёну. З-за арышту парафія не можа карыстацца аўтамабілем, таму ён прастойвае ўжо больш за два гады.

Бацькоўскі дом ксяндза на таргі пакуль не выстаўлялі.

Сам святар па-ранейшаму знаходзіцца ў Рыме, куды яго вывезлі разам з айцом Анджэем Юхневічам адразу пасля вызвалення. Абодва ксяндзы працягваюць аднаўляцца пасля доўгага зняволення. Іх далейшы лёс пакуль застаецца нявызначаным.

Чытайце таксама:

У ксяндза Генрыха Акалатовіча арыштоўваюць і прадаюць маёмасць

Што адбываецца з вызваленымі каталіцкімі святарамі і чаму яны маўчаць

Ксяндзы Акалатовіч і Юхневіч правялі ў Ватыкане святую імшу

Эйсмант: Двух каталіцкіх святароў памілавалі па просьбе Папы Льва XIV

Без тэлефанаванняў і лістоў: што вядома пра асуджанага на 11 гадоў святара Акалатовіча

Каментары да артыкула