У Венгрыі апазіцыйная Орбану партыя рэкордна павялічыла адрыў перад выбарамі
Цэнтрысцкая апазіцыйная партыя «Ціса» ў Венгрыі павялічыла адрыў ад кіроўнай партыі «Фідэс» напярэдадні парламенцкіх выбараў, прызначаных на 12 красавіка, піша Reuters.
Петэр Мадзьяр. Фота: Balint Szentgallay/NurPhoto via Getty Images
Паводле апытання аўтарытэтнага інстытута Median, апублікаванага 25 лютага, «Ціса» мае 55% падтрымкі сярод выбарцаў, якія вызначыліся з выбарам. Гэта на чатыры працэнтныя пункты больш, чым у студзені. Падтрымка «Фідэс» знізілася з 39% да 35%.
Такім чынам, разрыў паміж партыямі вырас да 20 працэнтных пунктаў супраць 12 у папярэднім месяцы.
Калі ўлічваць усё насельніцтва, «Ціса» падтрымліваюць 42% апытаных, а «Фідэс» — 31%.
Партыю «Ціса», заснаваную ў 2024 годзе, узначальвае былы прадстаўнік улады Петэр Мадзьяр. Для прэм’ер-міністра Віктара Орбана, які знаходзіцца ва ўладзе ўжо 16 гадоў, гэта першы настолькі сур’ёзны выклік на парламенцкіх выбарах за доўгі час.
Акрамя дзвюх галоўных сіл, шанец трапіць у парламент мае толькі ультраправая партыя «Наша Радзіма», якую падтрымліваюць 6% выбарцаў, што вызначыліся. Для атрымання месцаў у парламенце неабходна пераадолець пяціпрацэнтны бар’ер.
Апытанне праводзілася з 18 па 23 лютага. Даследчыкі адзначаюць, што «Ціса» аднавіла страчаную восенню дынаміку і зноў упэўнена апярэджвае «Фідэс».
Нягледзячы на гэта, у самой кіроўнай партыі заяўляюць пра шанцы на перамогу. Орбан нядаўна адзначыў, што паводле некаторых ацэнак «Фідэс» можа перамагчы ў 65—70 са 106 аднамандатных акруг, што дазволіла б захаваць уладу.
Парламент Венгрыі налічвае 199 дэпутатаў: 93 абіраюцца па партыйных спісах, 106 — у аднамандатных акругах.
Чытайце таксама:
Галоўны апанент Орбана прызнаўся, што ўляпаўся ў сэкс-скандал. «Класічны кампрамат расійскага тыпу»
Венгрыя не разблакуе прыняцце 20‑га пакета санкцый да аднаўлення працы трубаправода «Дружба»
Венгрыя заблакавала выдзяленне Украіне 90 мільярдаў крэдыту ЕС