БЕЛ Ł РУС

За год у Беларусі ліквідавалі амаль 40 наркашопаў

26.02.2026 / 19:15

Nashaniva.com

У 2025 годзе ў Беларусі спынілі дзейнасць 39 інтэрнэт-крам, якія займаліся продажам наркотыкаў. Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі МУС Андрэй Кудрыцкі.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com

Паводле слоў Кудрыцкага, у кожным выпадку сілавікі ўстанавілі і ліквідавалі ўсю злачынную схему — ад закладчыкаў, кур’ераў і тых, хто займаўся фінансамі, да арганізатараў і ўладальнікаў інтэрнэт-пляцовак.

Вярбоўка новых удзельнікаў адбывалася пераважна праз сацыяльныя сеткі, месенджары і даркнэт — шляхам масавай рассылкі паведамленняў з прапановамі «працы». У МУС папярэджваюць, што такія абяцанні лёгкага і хуткага заробку могуць вельмі хутка прывесці да крымінальнай адказнасці.

Сярэдні ўзрост тых, каго прыцягваюць да адказнасці за распаўсюд наркотыкаў, складае 25—30 гадоў. Аднак фіксуюцца і выпадкі, калі фігурантамі становяцца падлеткі, у тым ліку 13-гадовыя.

За мінулы год МУС канфіскавала больш за 1,3 тоны наркатычных сродкаў, а агульны аб’ём, выяўлены ўсімі сілавымі структурамі, перавысіў 3 тоны. Найбольшым попытам, паводле звестак ведамства, карыстаюцца такія псіхатропныя рэчывы, як мефедрон, ліфедрон і альфа-PVP.

Чытайце таксама:

Беларус пад выглядам запчастак перавозіў 111 кілаграмаў гашышу

Былы доктар-нарколаг вырошчваў дома ў Мінску каноплі

Таксіст выклікаў хуткую пасажыру, але таму стала кепска ад наркотыкаў

Сетку наркаспаўсюджвальнікаў раскрылі ў Мінску. Затрымана 8 чалавек

Каментары да артыкула