БЕЛ Ł РУС

Расійскаму палітвязню дадалі паўтара года зняволення за вокліч «Слава Украіне! Смерць Пуціну!»

26.02.2026 / 20:12

Nashaniva.com

Расійскага фатографа Аляксандра Струкава, які працаваў у штабах Аляксея Навальнага, асудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў публічных закліках да тэрарызму. Падставай для новай крымінальнай справы стаў яго вокліч у судзе пасля агучвання першага прысуду.

Аляксандр Струкаў

Як паведамляе расійская «Медыязона», пасля вынясення рашэння паводле папярэдняй справы Струкаў выкрыкнуў: «Слава Украіне! Смерць Пуціну!». Менавіта гэта стала падставай для чарговага абвінавачання.

Суд прызначыў пакаранне па сукупнасці з неадбытым тэрмінам па першай справе, таму фактычна да ранейшага прысуду дабавілі каля паўтара года.

У сваім апошнім слове Струкаў заявіў, што не лічыць сябе вінаватым, не раскайваецца і не збіраецца змяняць сваіх поглядаў. Ён адзначыў, што не прызнае сябе экстрэмістам і падкрэсліў сваю нязгоду з абвінавачаннямі.

У лістападзе 2023 года 32‑гадовага Аляксандра Струкава прысудзілі да васьмі гадоў калоніі за каментарыі ў тэлеграм-канале выдання Znak.com, якія ў тым ліку пачыналіся са слоў «Слава Украіне!», «Далоў уладу чэкістаў…», «Усім добрай раніцы, далоў Пуціна!» Пры апеляцыі тэрмін скарацілі да 7 гадоў і 10 месяцаў.

У СІЗА і калоніі Струкаў пастаянна сутыкаўся з ціскам: экс-найміт «ПВК Вагнера» прапаноўваў сукамернікам цыгарэты за яго збіццё, фатографа некалькі разоў змяшчалі ў ШІЗА і, нягледзячы на астму і бранхіт, адпраўлялі на «пыльную вытворчасць». У калоніі Струкаў стаяў на ўліку як асоба, якая «распаўсюджвае экстрэмізм» і схільная да «злачынстваў тэрарыстычнай скіраванасці». 28 красавіка 2025 года супраць яго завялі новую крымінальную справу.

Чытайце таксама:

Мерц: Расія загразла ў страшным варварстве, і гэта не зменіцца

Рэчыва, якім забілі Навальнага, сінтэзаваў цэнтр «Сігнал». Ён жа ўдзельнічаў у атручэнні палітыка ў 2020 годзе

Пяскоў пракаментаваў абвінавачванні ў атручванні Навальнага надзвычай рэдкім звыштаксічным ядам

Навальнага атруцілі ў калоніі рэчывам эпібатыдзін — яд эквадорскай жабы. Гэта змаглі выявіць, дзякуючы біяматэрыялам, вывезеным сям'ёю

68‑гадовую бібліятэкарку з Беларусі судзяць у Расіі за данаты Фонду Навальнага

Каментары да артыкула