БЕЛ Ł РУС

Спыняе працу «Дом Брэсцкага бусла», які займаўся ратаваннем птушак

27.02.2026 / 18:42

Nashaniva.com

Кіраўнік цэнтра дапамогі птушкам і жывёлам «Дом Брэсцкага бусла» Дзмітрый Аўдзееў паведаміў, што ўстанова будзе ліквідаваная. Галоўнай прычынай стала праблема з зямельным участкам пад Брэстам, піша Telegraf.news.

Скрыншот з відэа

Частка вальераў, дзе ўтрымліваліся птушкі (не толькі белыя буслы, але і лебедзі, совы, канюкі ды іншыя), знаходзілася на суседнім участку, які раней бралі ў арэнду. Сёлета тэрмін арэнды скончыўся, і ўладальнікі зямлі адмовіліся яго працягваць, бо плануюць будаваць там жылы дом.

Аўдзееў звярнуўся ў Брэсцкі райвыканкам з просьбай выдзеліць дадатковую зямлю ў суседняй вёсцы, але атрымаў адмову. Яму прапанавалі ўчастак за 26 кіламетраў ад цяперашняга месца.

Такое рашэнне кіраўніка цэнтра не задаволіла. Ён тлумачыць, што ў яго няма службовага транспарту, каб штодзённа ездзіць так далёка і даглядаць птушак. Акрамя таго, новая мясцовасць не падыходзіць для рэабілітацыі буслоў, бо там яны не гняздуюцца. Без кантакту ж з дзікімі птушкамі сацыялізацыя маладых асобін немагчымая.

Цэнтр займаўся не пастаянным утрыманнем птушак, а іх выходжваннем і вяртаннем у прыроду. Туды траплялі бусляняты, выкінутыя з гнёздаў у «галодныя» гады, птушкі з траўмамі або тыя, што не змаглі своечасова адляцець на зімоўку. Пасля аднаўлення іх выпускалі на волю. Перад гэтым буслоў кальцавалі для ўліку.

Нядаўна ў цэнтры выратавалі і выпусцілі саву, якую знайшлі ў адным з дзіцячых садкоў у цяжкім стане з абязводжваннем.

Дзмітрый Аўдзееў прызнаўся, што да апошняга спрабаваў захаваць праект, але абставіны аказаліся мацнейшымі. У найбліжэйшы час ён плануе падаць дакументы на ліквідацыю «Дома Брэсцкага бусла».

Цэнтр і яго падапечныя не раз станавіліся вядомымі ў сацыяльных сетках. Напрыклад, відэа з буслом Яшам, які замест самастойнага палявання выпрошваў ежу і нават залазіў на дах аўтамабіля, набрала мільёны праглядаў.

Чытайце таксама:

«Не такі ўжо ён белы і пухнаты». Кіраўнік цэнтра па ратаванні буслоў расказаў пра іх шмат цікавага

Колькі белых буслоў жыве ў Беларусі?

«Найлепшае ў жыцці — бачыць, як узлятаюць ці ўцякаюць тыя, каму мы дапамаглі». Беларуска расказала, як ратуе дзікіх жывёл

«Шкада будзе, калі загіне». Пад Магілёвам ужо некалькі тыдняў спрабуюць уратаваць бусла, які застаўся зімаваць

Каментары да артыкула