Грамадства11

«Найлепшае ў жыцці — бачыць, як узлятаюць ці ўцякаюць тыя, каму мы дапамаглі». Беларуска расказала, як ратуе дзікіх жывёл

Выданне Blizko.by пагаварыла з Ірынай Траяноўскай — заснавальніцай цэнтра дапамогі дзікім жывёлам «Сірын», якая і да ваўка ў клетку зойдзе, і каня на скаку спыніць.

Дарэчы, пачыналася для яе ўсё акурат з захаплення конным спортам. Так склалася, што спачатку ёй і кампаніі іншых маладых валанцёраў, якія займаліся коньмі, прынеслі двух буслоў.

Выратаваць птушак тады не ўдалося, але менавіта гэта стала пачаткам. Даведаўшыся, што валанцёры гатовыя дапамагаць незвычайным жывёлам, ім прынеслі варону, потым саву. І паступова пачалі прыносіць параненую жыўнасць з усёй Мінскай вобласці. Тады Ірына прадала першых коней, каб уладкаваць вальеры. І задумалася пра тое, як атрымаць афіцыйны статус прыродаахоўнай установы. Аказалася, што зрабіць гэта зусім нескладана — усяго нейкія паўдня працы. Цяжкасці пачаліся потым, калі давялося шукаць грошы на штрафы.

— У Беларусі нельга забіраць дзікіх жывёл з прыроды без дазволу дзяржавы. Мы пра гэта не ведалі і міжволі парушылі цэлую кучу законаў. Я прыйшла ў міністэрства і шчыра расказала: так і так, мы вінаватыя, што нам цяпер рабіць? Мы заплацілі шмат штрафаў, легалізуючы жывёл. Праблема ў тым, што мы былі першымі, хто заняўся выратаваннем дзікіх звяроў, і выразнага алгарытму дзеянняў проста не існавала. Мы выпрацоўвалі яго на хаду разам з афіцыйнымі ведамствамі — метадам спроб і памылак.

Бяда яшчэ і ў тым, што дзікія звяры — гэта terra incognita для ветэрынараў. Адзінкі гатовыя з імі працаваць, бо не ведаюць, як. У многіх ёсць страх заразіцца, страх дапусціць памылку. Я ўжо не кажу пра птушак — гэта ўвогуле іншы сусвет, з якім гатовыя мець справу нямногія. Нешта за гады працы мы навучыліся рабіць самі — лячыць, ампутаваць, выкормліваць, вырошчваць, выпускаць на волю…

За час існавання цэнтра праз рукі валанцёраў прайшло больш за 5000 жывёл, каля 30% з іх вярнуліся ў прыроду. Сёння ў любы момант у «Сірыне» жыве каля 100 асобін. Прыкладна 60 з іх тут пастаянна: гэта коні, свойскія жывёлы і тыя звяры, якія не змогуць выжыць на волі. Каля 30—40 асобін знаходзяцца ў цэнтры часова — на лячэнні, у каранціне, на адкорме.

— Вам самой не страшна мець справу з дзікімі жывёламі?

— Я баюся ласёў. З імі вельмі складана працаваць, нават з маленькімі. Тыя ж ласяняты неверагодна моцныя — атрымаць ад іх удар капытом, калі яны радасна бягуць да цябе па малако, — вельмі проста. Аднойчы да нас паступіў вельмі суровы барсук — ён наводзіў жах на ўсіх супрацоўнікаў. На шчасце, нам не трэба было з ім кантактаваць: ён знаходзіўся ў каранціне, і наша задача была проста своечасова яго карміць, а ўвесь астатні час — старанна пазбягаць.

Звычайнаму чалавеку, напэўна, страшнымі пададуцца ваўкі. Але я магу сказаць, што іду да ваўка маральна і фізічна падрыхтаваная, з усімі мерамі засцярогі. Я разумею, што гэта дзікі драпежнік, гатовы абараняцца і змагацца «да смерці». Гэта значыць, альбо ён справіцца з намі, альбо мы з ім. У гэтым сэнсе незнаёмыя сабакі мяне палохаюць мацней, бо я не ведаю, чаго ад іх чакаць.

У астатнім да любой дзікай жывёліны трэба падыходзіць з асцярожнасцю і не лезці без крайняй неабходнасці. Той жа лебедзь, калі не прыціснуць яму крылы, можа адным магутным узмахам лёгка зламаць вам руку.

— У вас у цэнтры такое здаралася?

— Часам мяне або супрацоўнікаў кусалі, драпалі — такое было. Але нічога больш сур’ёзнага, на шчасце, не адбывалася. Тым не менш мы ведаем, на якія рызыкі ідзём, таму, напрыклад, рэгулярна робім прышчэпкі ад шаленства. Калі мы кантактавалі з жывёламі, у якіх пацвердзіўся дыягназ (яго заўсёды ставяць пасмяротна, пасля адпаведнай экспертызы), мы ўсе разам ідзём вакцынавацца.

— Што самае складанае ў справе выратавання звяроў?

— Тое, што мы не ўсёмагутныя. Калі жывёла памірае ў цябе на руках, заўсёды прыходзяць думкі, што ўсё магло быць інакш. А раптам было зроблена недастаткова, раптам ты дзесьці памылілася. Здаецца, што ва ўсіх усё атрымліваецца, і толькі ў цябе — не. Тым больш што даводзіцца чуць вельмі шмат крытыкі на свой адрас. Мы часта вымушаныя прымаць рашэнні аб эўтаназіі, адмаўляючыся ад калясак і пратэзаў для жывёл-інвалідаў.

Калі дзікі звер або птушка пасля лячэння могуць жыць побач з чалавекам без пакут, мы іх выратуем і пакінем у цэнтры. Калі не — на жаль. Бывае вельмі складана патлумачыць людзям, што дзікія жывёлы — гэта не коцікі і сабачкі. Калі жывёліне трэба кожны дзень апрацоўваць лапу, прымусова карміць, рабіць уколы, хатнія гадаванцы ўспрымуць такую дапамогу нармальна, бо прывыклі да чалавека. А для дзікай жывёлы кантакты з людзьмі — гэта дадатковыя пакуты, якія шматкроць падаўжаюць і ўзмацняюць яе боль. Яна ніколі не «зразумее» і не «ацэніць» такую «дапамогу».

— Зіма выдалася суровая. Ці дадаў вам снегапад «Улі» працы?

— Да такой зімы, напэўна, не быў гатовы ніхто, і мы ў тым ліку. Многім нашым птушкам у вулічных вальерах стала цяжка, усіх давялося тэрмінова перасяляць. Але цяпер да нас масава прывозяць аслабленых ад голаду птушак і жывёл, для якіх проста не хапае месца. Патрэбныя клеткі, пераноскі, вальеры. Дадатковыя абагравальнікі. Нешта выходзіць са строю ад старасці, чагосьці проста не стае, ды і карыстацца імі нятанна. Вельмі выраслі рахункі за электраэнергію.

Акрамя таго, мы сутыкнуліся з праблемай кармоў. Частка запасаў аказалася ізаляванай — мы доўга адкопвалі шлях да ангара, дзе захоўваецца збожжа. А мяса да цяпла замуравана ў маразільных скрынях, бо яны замерзлі так, што мы не можам іх адкрыць (у ангары, дзе стаяць халадзільнікі, цяпер мінусавая тэмпература). Так што давядзецца незапланавана дакупляць ежу для драпежнікаў.

Жывёлы на вуліцы, у лясах таксама аказаліся не гатовыя да маразоў, асабліва тыя, хто не адляцеў. Галоўная праблема — адсутнасць ежы. Пагаладаўшы некалькі дзён і не здолеўшы знайсці корм пад снегам, птушкі аслабелі. А зверху іх «прыпячаталі» страшныя маразы. Натуральны адбор, вядома, ніхто не адмяняў. Але і праходзіць міма аслабленых жывёл сёння нельга… Тым больш што многія з іх аказаліся не гатовыя да суровай зімы толькі па нашай віне: лебедзі, буслы, качкі…

Насуперак таму, што мы заўсёды просім людзей «не чапаць тое, што дрэнна ляжыць», цяпер усё наадварот. Калі вы бачыце ў сумёце птушку, калі вам здаецца, што ёй дрэнна, — вам не здаецца. Гэта не час птушанят, гэта цяжкі перыяд, калі птушкі аслабленыя. Найлепшае, што можна зрабіць, — змясціць «знаходку» ў каробку, абагрэць і звярнуцца ў тэрытарыяльную прыродаахоўную арганізацыю, каб забраць жывёлу з дзікага асяроддзя.

З намі засталося вельмі шмат вадаплаўных птушак, і тым з іх, якія сёння сотнямі збіраюцца ў палонках, не хопіць ежы на ўсіх. Ім таксама ёсць сэнс дапамагчы, дадаткова падкарміўшы: зернем, пярлоўкай, семкамі, аўсом… Як і гарадскім птушкам — для якіх варта развесіць кармушкі. Галоўнае — не забудзьцеся прыбраць іх вясной.

А вось совы аказаліся не гатовыя да халадоў па прычынах, незалежных ад чалавека. Калі мы ў «Сірыне» рыхтуем дзікіх соваў да выпуску, стараемся паказаць ім, што ў непагадзь ежа таксама хаваецца і, калі дождж будзе доўгім, можна заставацца галодным некалькі дзён. Звычайна яны вельмі хутка арыентуюцца і, кіруючыся інстынктамі, пачынаюць рабіць «заначкі».

Але апошнім часам у прыродзе ў драпежных птушак паляванне было ўдалым цэлы год. Яны проста адвыклі рабіць запасы, а не здолеўшы знайсці здабычу пад раптам вырасшымі снегавымі гурбамі, моцна схуднелі.

На жаль, падкарміць іх чалавек не ў стане. Мы ж не можам развешваць мышэй на дрэвах. За апошнія дні ў наш цэнтр паступіла 12 вушастых соваў. Частка з іх, на жаль, прыехалі ўжо мёртвымі. Адна моцна параненая — яе пакусалі драпежнікі. Але сем мы змаглі выратаваць.

— Што вы лічыце самым лепшым у сваёй справе?

— Вядома ж, выпускі. Бачыць, як узлятаюць, адплываюць, уцякаюць жывёлы, якім мы дапамаглі, — тое, дзеля чаго варта ўсё гэта рабіць.

— Як выстройваецца працоўны дзень супрацоўнікаў «Сірына»?

— У мяне і ў работнікаў, якія даглядаюць жывёл, дзень вельмі адрозніваецца. Я ўсё ж займаюся цэнтрам як валанцёрка. У штодзённым жыцці я доктарка і з панядзелка па пятніцу лячу дзяцей. За выключэннем тых выпадкаў, калі трэба тэрмінова забраць дзікага звера, кудысьці яго адвезці, правесці складаныя маніпуляцыі, арганізаваць здымкі, рамонт, дапамогу, знайсці грошы, запоўніць паперы і г. д. Мая задача перш за ўсё ў тым, каб усё працавала, то-бок практычна кругласутачна я — у справе. Затое ў суботу і нядзелю праводжу ўвесь час з жывёламі.

У тых, хто працуе ў «Сірыне» і атрымлівае заробак, працоўны дзень крыху адрозніваецца ў залежнасці ад сезона. Пачынаецца ён або а 6-й, або а 8‑й раніцы: з кармлення коней і вываду іх на пашу, потым ідзе кармленне зернаедных, а затым — дзённых драпежнікаў. Раніцай і ўвечары трэба правесці ўсе ветэрынарныя маніпуляцыі, днём — прыборку. Далей па раскладзе — раздаць ежу начным драпежнікам, потым — коням. Заканчваецца працоўны дзень а 8—11 гадзіне вечара.

Улетку і вясной да нас паступае вельмі шмат малечы, якая засталася без бацькоў і якую трэба карміць кожныя тры—чатыры гадзіны. Часам я трымаю іх у сябе дома і выгадоўваю сама, калі яны ў цяжкім стане. Калі ўсё не так крытычна, дзіцяняты застаюцца ў цэнтры, а супрацоўнікі заводзяць будзільнікі і па сігнале ўстаюць ноччу карміць малых.

— Што дапамагае ў працы з жывёламі? Асаблівы дар? Любоў да прыроды?

— Перш за ўсё важна не быць занадта сентыментальным. Бо калі шкадаваць кожнага труса, якога з’еў воўк, працаваць ты не зможаш. Безумоўна, трэба быць эмпатычным, але пры гэтым не забывацца пра свой стан, умець быць рашучым і браць на сябе адказнасць.

У нас было нямала людзей, якія вельмі любілі жывёл, вельмі за іх перажывалі, але ў іх не атрымлівалася… То хтосьці ўцячэ, то зляціць. Або дзяўчаты, напрыклад, дысцыплінавана кармілі звяроў, але пры гэтым не звярталі ўвагі, з’елі яны ці не. Або працавалі «для душы» — і не маглі пераступіць праз страх перад агрэсіяй, калі трэба было рабіць нашым пацыентам лячэбныя працэдуры. Ім не хапала ўнутранай матывацыі, і пастаянна даводзілася чакаць, пакуль прыедзе нехта адказны, хто зможа перасіліць страх і зрабіць усё неабходнае. Увогуле, як і ў любой прафесіі, тут важна мець пакліканне і жаданне.

— Вы спрабуеце зарабляць грошы на патрэбы цэнтра?

— Вядома, у нас ёсць пракат коней, ёсць заапарк і азнаямленчыя экскурсіі — з тымі жывёламі, якія камфортна пераносяць суседства з людзьмі. Часам праходзяць фотасесіі. Але ўсё гэта — кропля ў моры. У астатнім мы існуем за кошт дапамогі дабрачынцаў. Вялікі дзякуй нашым цудоўным людзям, без якіх «Сірына» даўно б ужо не было. Хоць, шчыра кажучы, мы пастаянна балансуем на мяжы.

— Закранаючы тэму заапаркаў: дзе, на вашу думку, жывёлам лепш — на волі ці ўсё ж у бяспецы, у клетцы, дзе яны пражывуць значна даўжэй?

— Калі гаварыць пра істот, народжаных на волі, то яны павінны заставацца свабоднымі столькі, колькі ім адведзена, хай сабе год, хай паўгода. Хай іх потым з’есць драпежнік… Для іх гэта значна лепш, чым пражыць 10 гадоў у няволі, у стрэсе ад людзей, біцца і спрабаваць вырвацца. Таму для арганізацый кшталту нашай вельмі балюча стаіць пытанне гуманнасці — наколькі мэтазгодна выходжваць і пакідаць пры сабе звяроў-інвалідаў…

Але калі звер нарадзіўся ў заапарку, калі ён некалькі пакаленняў жыве ў няволі — гэта яго зона камфорту, дзе ён адчувае сябе выдатна. Выпусціць яго ў дзікае асяроддзе — усё адно што забіць. Да таго ж не будзем забывацца, што заапарк — часта адзіная магчымасць захаваць віды, якія знікаюць.

— Якая самая вострая праблема з дзікімі жывёламі ў Беларусі? Што важна мець на ўвазе не толькі тым, хто непасрэдна з імі працуе, але і ўсім нам?

— Напэўна, тое, што нашы людзі па дабрыні душэўнай вельмі любяць падбіраць усё, «што дрэнна ляжыць». Лебедзь застаўся ў кастрычніку адзін — тэрмінова карміць! Убачылі бусла на вуліцы ў лістападзе — экстранна ратаваць! Гэта галоўная праблема. На жаль, калі б чалавек не ўмешваўся, сёння слабых, галодных, хворых і паміраючых жывёл было б значна менш.

Каментары1

  • Флор
    15.01.2026
    Падтрымала на сайце, але вам патрэбна аднавіць сертыфікат...

    Добрая справа канешне ♥️

Цяпер чытаюць

Курэйчык: Дзеці Ціханоўскіх пераехалі ў ЗША

Курэйчык: Дзеці Ціханоўскіх пераехалі ў ЗША

Усе навіны →
Усе навіны

Лідарка венесуэльскай апазіцыі перадала Трампу свой Нобелеўскі медаль7

Замест удару па Іране ЗША ўвялі санкцыі супраць іранскіх чыноўнікаў8

У Беларусі пачалі рыхтавацца да кланавання хатніх жывёл3

Памёр Юрый Пышнік2

«Гэта мой асабісты выклік». Польскі гід водзіць экскурсіі па Варшаве на беларускай мове3

Вольга Севярынец: Салідарнасць была бясконцай, яе зацанілі нават гэбісты5

Пад Мінскам знялі на ВІДЭА, як курапаткі проста ў двары дома катаюцца з горкі3

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год66

На расійскай Камчатцы для перавозкі пасажыраў задзейнічалі аўтазакі ФОТА1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Курэйчык: Дзеці Ціханоўскіх пераехалі ў ЗША

Курэйчык: Дзеці Ціханоўскіх пераехалі ў ЗША

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць