БЕЛ Ł РУС

Амерыканскі актор Джым Керы здзівіў фанатаў сваёй знешнасцю

3.03.2026 / 10:00

Антось Жупран

Пасля доўгага перапынку 64‑гадовы амерыканскі актор Джым Керы з’явіўся на цырымоніі ўручэння прэміі «Сезар» у Парыжы. Увагу да сябе ён прыцягнуў не толькі прамовай на французскай мове, але і прыкметна змененай знешнасцю. Частка гледачоў у сацыяльных сетках нават засумнявалася, што перад імі сапраўды Керы.

Джым Керы падчас уручэння ганаровай узнагароды César d’honneur на 51‑й цырымоніі ўручэння кінапрэміі «Сезар». 26 лютага 2026 года. Парыж, Францыя. Фота: Stephane Cardinale-Corbis / Corbis via Getty Images

Джым Керы — адзін з самых яркіх камедыйных актораў свайго пакалення. Сусветную славу яму прынеслі ролі ў такіх стужках, як «Маска», «Эйс Вентура», «Брус Усемагутны», «Шоу Трумана», «Вечнае ззянне чыстага розуму». Экспрэсіўная міміка і ўнікальная пластыка зрабілі яго культавай фігурай кінематографа 1990‑х і 2000‑х гадоў.

У 2022 годзе Керы агаломшыў фанатаў заявай, што фактычна сыходзіць з прафесіі. Ён адзначаў, што «вельмі сур’ёзна» разглядае магчымасць выхаду на пенсію, бо прагне спакойнага жыцця, займаецца жывапісам і духоўнымі практыкамі. «Мне хапае. Я зрабіў дастаткова. Мяне самога — дастаткова», — заяўляў тады актор. Ён паабяцаў вярнуцца толькі ў тым выпадку, калі «анёлы прынясуць сцэнарый, напісаны залатымі чарнілам».

Нягледзячы на гэтыя словы, нядаўна Джым Керы ўвасобіў вобраз доктара Рабатніка ў фільме «Вожык Сонік 3». Актор іранічна прызнаўся, што «зноў у справе», бо напраўду яму спатрэбіліся грошы.

Паколькі зорка рэдка з’яўляецца на публіцы, яго выхад на сцэну 51‑й цырымоніі прэміі «Сезар» у Парыжы стаў сапраўднай сенсацыяй. Керы атрымаў ганаровую ўзнагароду за ўклад у сусветны кінематограф — César d’honneur. Дзеля гэтай падзеі актор некалькі месяцаў рыхтаваў прамову па-французску, старанна адпрацоўваючы вымаўленне. Са сцэны ён згадаў пра свае французскія карані і кранальна ўшанаваў памяць бацькі, якога назваў самым смешным чалавекам у сваім жыцці.

The entire room on their feet for the Honorary César legend—pure magic moment! ✨ #César2026 #JimCarrey
pic.twitter.com/ySWxsOycqI

— Cinefix (@Cinefix_hub) February 26, 2026

Аднак у сацыяльных сетках найбольш абмяркоўвалі не змест прамовы, а знешнасць актора. На чырвонай дарожцы Керы з’явіўся з больш доўгімі і цёмнымі валасамі, чым звычайна, што ўжо само па сабе змяніла яго звыклы вобраз. Але галоўную ўвагу карыстальнікі звярнулі на твар — вочы і форму павек.

Частка гледачоў палічыла, што актор выглядае непазнавальна. У інтэрнэце пачаліся параўнанні з фота мінулых гадоў, а разам з імі з’явіліся і здагадкі пра магчымыя касметычныя ўмяшанні.

Выданне PrimeTimer апублікавала каментар пластычнага хірурга з Беверлі-Хілз Мілісент Ровела, якая выказала меркаванне, што Керы мог зрабіць аперацыю карэкцыі верхніх павек. Гучалі і іншыя версіі: ад ботаксу і філераў да наступстваў няўдалай пластыкі.

Who is this? Because it is definitely not Jim Carey. The eyes aren’t even the same color. They don’t even care anymore. Thats how you know it’s a wrap. pic.twitter.com/ThgHMNC5nF

— Melanie King (@realmelanieking) February 27, 2026

Асаблівую ўвагу прыцягнулі вочы актора. Некаторыя карыстальнікі сцвярджалі, што на здымках з Парыжа яны выглядаюць светлымі ці нават зялёнымі, хоць ва ўсім свеце вядома, што ў Керы карыя вочы. Фанаты пачалі спрачацца, ці выкарыстоўваў ён кантактныя лінзы, або гэта проста эфект ад яркага асвятлення сафітаў. Іншыя ж заклікалі да здаровага сэнсу, тлумачачы змены ўзростам, ракурсам здымкі і грымам.

Дыскусію падсілкавала яшчэ адна дэталь. Керы — вядомы ляўшун, аднак на відэа з Парыжа відаць, як ён ставіць аўтографы правай рукой. Гэта стала галоўным аргументам для прыхільнікаў канспіралагічных тэорый.

Дадатковую хвалю чутак справакаваў дрэг-артыст Алексіс Стоўн. На сваёй старонцы ў інстаграме ён апублікаваў пост з подпісам «Alexis Stone as Jim Carrey in Paris», паказаўшы працэс стварэння маскі і парыка, ідэнтычных вобразу актора на цырымоніі. Частка карыстальнікаў успрыняла гэта як доказ падмены. Некаторыя пайшлі яшчэ далей, заяўляючы, што «сапраўдны Керы памёр», а яго месца заняў двайнік.

Арганізатары «Сезара» катэгарычна зняпраўдзілі гэтыя чуткі. Яны падкрэслілі, што візіт актора планаваўся загадзя, а ў Парыж ён прыбыў у суправаджэнні сваіх блізкіх людзей: партнёркі, дачкі, унука і сяброў.

Так ці інакш, нават пасля заяў пра канец кар’еры Джым Керы застаецца фігурай, здольнай выклікаць бурную рэакцыю грамадства. Як паказаў вечар у Парыжы, акцёру дастаткова ўсяго аднаго выхаду на сцэну, каб увесь інтэрнэт зноў пачаў гаварыць толькі пра яго.

Чытайце таксама:

Гэтая амерыканская актрыса здымалася ў папулярных падлеткавых камедыях 2000-х. Але цяпер яе не пазнаць

Новая эра пластычнай хірургіі: галівудскія зоркі заўважна змянілі выгляд

Сокалава-Воюша не пазнаць. Што стала са знаным бардам 1980-х?

Каментары да артыкула