БЕЛ Ł РУС

Сістэмнага адміністратара Беларускай чыгункі і былога спецназаўца асудзілі за палітыку і абвесцілі тэрарыстам

5.03.2026 / 11:45

Nashaniva.com

Дзмітрый Каліноўскі атрымаў тэрмін за «заклікі да нанясення шкоды Беларусі».

Дзмітрый Каліноўскі. Фота з ягонай старонкі Укантакце

Дзмітрыю Каліноўскаму 48 гадоў. Ён нарадзіўся ў Рагачове, але вырас у Мінску. Пасля школы з 1995 па 1997 год ён прайшоў тэрміновую службу ў элітнай 5‑й асобнай брыгадзе спецыяльнага прызначэння, што базіруецца ў Мар'інай Горцы. У 2002‑м мужчына завочна атрымаў дыплом праграміста на факультэце камп'ютарных сістэм і сетак БДУІР. У сацсетках Каліноўскі пазначаў, што жанаты, мае дзіця.

З 2000 года Дзмітрый працаваў сістэмным адміністратарам на Беларускай чыгунцы. Па працы ён займаўся наладкай сеткавага абсталявання. Невядома, ці ён працаваў да самага затрымання, ці ўжо паспеў змяніць працу, але сферу працы ён не змяняў: у профільных чатах пытаўся пра наладку сеткавага абсталявання.

Мінскі гарадскі суд вынес Каліноўскаму прысуд паводле часткі 3 артыкула 361 Крымінальнага кодэкса («Заклікі да мер абмежавальнага характару ці іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы»).

Цяпер мужчына адбывае пакаранне — імаверна, яму прысудзілі калонію.

Ад сёння ён уключаны ў спіс «тэрарыстаў», які складае КДБ.

Чытайце таксама:

Жыхарку Гомеля кінулі ў калонію па шасці крыміналках за каментары ў тэлеграме

Памерла палітзняволеная Алена Панкова. Паўгода назад яе асудзілі за ўдзел у пратэстах

Гродзенскаму бізнэсмену, медыку па адукацыі, прысудзілі рэальны тэрмін за палітыку

Каментары да артыкула