Стала вядома, як будзе выглядаць могільнік для радыеактыўных адкідаў у Беларусі
Беларуская арганізацыя па абыходжанні з радыеактыўнымі адкідамі (БелРАА) апублікавала відэа з канцэпцыяй і архітэктурнымі рашэннямі будучага пункта пахавання радыеактыўных адкідаў, хоць канчатковая пляцоўка для яго будаўніцтва пакуль не выбраная.
Скрыншот з відэа
Разглядаюцца некалькі магчымых месцаў для размяшчэння могільніка адкідаў Беларускай АЭС: вёска Навасёлкі каля Хойнікаў, Мсціслаўскі раён Магілёўскай вобласці або Астравецкі раён Гродзенскай вобласці. Цяпер працягваецца працэс выбару канкрэтнай тэрыторыі.
Скрыншот з відэа
Падчас працоўнай нарады з удзелам галоўных праектавальнікаў РУП «Белніпіэнергапрам» абмяркоўваліся архітэктурна-планіровачныя рашэнні і агульная канцэпцыя будучага аб’екта. У БелРАА адзначылі, што асноўная мэта — стварыць сховішча, якое цалкам ізалюе радыеактыўныя адходы ад навакольнага асяроддзя і будзе адпавядаць самым строгім міжнародным стандартам бяспекі. Разам з тым пакуль не паведамляюцца ключавыя параметры будучага комплексу.
Скрыншот з відэа
Раней паведамлялася толькі, што плошча тэрыторыі сховішча складзе каля аднаго квадратнага кіламетра. На рэалізацыю праекта плануюць выдаткаваць каля 941 мільёна рублёў, а ўвесці аб’ект у эксплуатацыю плануецца ў 2030 годзе.
Чытайце таксама:
Ядзерны могільнік для адкідаў з БелАЭС могуць пабудаваць у Гомельскай вобласці
Сховішча для радыеактыўных адкідаў пабудуюць да 2030 года
Названыя тры пляцоўкі па магчымым захоўванні радыеактыўных адкідаў
Як Ігналінская АЭС безвынікова спрабавала прадаць нявыкарыстанае ядзернае паліва