БЕЛ Ł РУС

Ці дайшла зорка «Універа» на вяселле мінчанкі Лізаветы, куды яго клікаў увесь Threads?

9.03.2026 / 12:52

Арына Жураўская

Вяселле адбылося 7 сакавіка.

Нагадаем: беларуска Лізавета, майстар па нарошчванні валасоў, вырашыла запрасіць на вяселле расійскага актора і спевака Стаса Ярушына.

Апошнім часам той даволі часта бывае ў Мінску. Па-першае, Стас ужо не першы год сядзіць у журы шоу БТ «Фактар.бай». Па-другое, нядаўна выпусціў сумесную песню з маладой беларускай спявачкай Настай Краўчанка і цяпер актыўна піярыць трэк. Нядаўна, напрыклад, артысты засвяціліся на хакейным матчы «Дынама-Мінск», дзе для шматлікай аўдыторыі ўключылі іх песню «Выдыхай».

Нядаўна яго праз Threads запрасіла на сваё вяселле мінчанка Лізавета.

Імаверна, яна даўно планавала паклікаць да сябе на свята кагосьці вядомага. У лютым Лізавета пракаментавала пост, дзе раілі адпраўляць запрашэнне на вяселле кожнаму мільярдэру, чый адрас атрымаецца знайсці — маўляў, ёсць шанс, што тады іх асістэнты дашлюць вам падарунак.

Лізавета ў тым каментары папрасіла дасылаць ёй адрасы мільярдэраў, каб скарыстацца парадай. Потым дзяўчына расказвала, што яе вясельная арганізатарка прапанавала ёй даслаць запрашэнні спеваку Прохару Шаляпіну і акцёру Дзмітрыю Нагіеву.

Лізавета з мужам

Але ж нявеста выбрала зорку серыяла «Універ». Дапамагаць суайчынніцы кінуўся амаль увесь беларускі Threads — людзі заклікалі Стаса Ярушына прыняць запрашэнне.

Той у выніку адрэагаваў. Вяселле адбылося 7 сакавіка. Віншаваць беларускіх маладзёнаў Стас не прыехаў. Але ж даслаў відэа на 5 хвілін, якое прадэманстравалі гасцям падчас банкету.

Пачыналася яно так: «Што з намі ўсімі зрабіў Threads? Чортава памыйніца! Але там ёсць і нармальныя людзі, я ж ведаў. Такія вось добрыя, як вы».

Стас Ярушын даслаў мінчанцы віншаванне на вяселле

Падарунак Стас таксама даслаў — гэта быў вінілавы дыск з яго новым альбомам.

Калі казаць пра пазіцыю Ярушына па вайне, то ён крытыкаваў расіян, якія пакінулі краіну пасля пачатку ўварвання ва Украіну, а таксама прасіў дасылаць спальныя мяшкі мабілізаваным. 

Чытайце таксама:

Беларуска кліча на вяселле зорку «Універа», які за вайну. Упрэгся ўвесь Threads

Пара хоча сабраць 10 тысяч даляраў з падпісчыкаў у інстаграме на вяселле мары

Закаханыя ў Мінску хацелі сабраць з падпісчыкаў $10 тысяч на вяселле мары. Колькі ж у выніку ім заданацілі?

Каментары да артыкула