У Вязьме на Смаленшчыне сталі рабіць матацыклы «Мінск»
На Вяземскім машынабудаўнічым заводзе ў Смаленскай вобласці пачалі ліцэнзійную зборку матацыклаў «Мінск». Прадпрыемства ўжо выпусціла першую партыю тэхнікі. Пра гэта паведаміў губернатар Смаленскай вобласці Васілій Анохін падчас сустрэчы з паслом Беларусі ў Расіі Юрыем Селіверставым, піша Abw.by.
Са слоў Васілія Анохіна, першая партыя матацыклаў была сабраная ў 2025 годзе. Іх афіцыйную прэзентацыю плануюць правесці на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме ў 2026 годзе, які адбудзецца з 3 да 6 чэрвеня.
На заводзе выпускаюць мадэлі «Хантар» і «Рэйнджар». Іх збіраюць з беларускіх машынакамплектаў, пасля чаго праводзяць выпрабаванні перад продажам на расійскім рынку. Такім чынам Вязьма стала яшчэ адной пляцоўкай зборкі прадукцыі кампаніі «МотаВелаЗавод».
Мадэль «Хантар» абсталяваная рухавіком аб’ёмам 150 кубічных сантыметраў, а «Рэйнджар» — 200 кубічных сантыметраў. Гэтыя матацыклы лічацца простымі ў эксплуатацыі і папулярнымі сярод аматараў палявання, рыбалкі і матацыклістаў-пачаткоўцаў.
Чытайце таксама:
На тэрыторыі Мотавелазавода ствараюць новы квартал з кавярнямі і крамамі. Што там
У Беларусі адкрыюць новы велазавод
Беларус узяў крэдыт «На родныя тавары», каб купіць матацыкл «Мінск». Той аказаўся кітайскім
«Мотавела» падгледзеў у Кітая і паказаў новую распрацоўку — электрамотаровар. Што гэта такое?