БЕЛ Ł РУС

«Якія вы ўсе смярдзючыя, агідныя, апранаецеся быццам на памыйцы»: прыгажуня з Растова раскрытыкавала беларусак

11.03.2026 / 16:01

Арына Жураўская

Расіянка пераконвала беларускую манікюршчыцу, што сапраўдная прагажосць — гэта калі здалёк відаць, што за зробленыя вусны заплацілі шмат грошай.

Тая самая прыгажуня з Растова

Крысціна Высоцкая з Гомеля — майстрыха па манікюры і педыкюры. У сваім тыктоку яна распавяла абуральную гісторыю пра тое, як да яе навесці прыгажосць прыходзіла «дзіва з Растова» (гісторыя адбылася яшчэ ў 2024-м).

Расіянка выйшла замуж за хлопца з Гомеля і прыехала з каханым на яго радзіму, бо мужу трэба было зрабіць нейкія дакументы. Так атрымалася, што растаўчанка пражыла ў Беларусі некалькі месяцаў. І канечне ж, у нейкі момант ёй прыйшлося шукаць спецыялістак для падтрымання прыгажосці.

На манікюр дзіва запісалася да Крысціны. Манікюршчыца скардзіцца на тое, што падчас працэсу кліентка ўвесь час крытыкавала беларускіх жанчын. Казала, што беларускі вельмі неакуратныя, не сочаць за сабой, непрыемна пахнуць, а апранаюцца быццам на памыйніцы.

— «У нас у Растове абсалютна кожная дзяўчынка пасля касметолага, з колатымі вуснамі. Вы не робіце з сабой нічога», — цытуе кліентку Крысціна.

Манікюршчыца кажа, што спрабавала бараніць суайчынніц. Маўляў, у нас кожная другая са зробленымі вуснамі — проста тыя выглядаюць натуральна.

Такі адказ расіянку не задаволіў, бо яна лічыць, трэба, каб здалёк было бачна, што за вусны заплацілі шмат грошай.

— Распавяла, як муж пазнаёміў яе са сваімі сябрамі і іх жонкамі. Цытую: «Абсалютна кожная: ні броваў, ні павек, ніхто пазногці не робіць. Як яны ўвогуле ходзяць?! Як іх мужчыны хочуць?».

Потым растаўчанка раскрытыкавала і саму манікюршчыцу праз тое, што тая быццам бы вельмі несамавітая. Казала, што ёй шкада беларускіх мужчын праз тое, што ім няма з чаго выбіраць.

Крысціна зрабіла кліентцы фрэнч, але тая засталася незадаволеная. Манікюршчыца прапанавала два варыянты: яна была гатовая ці зняць манікюр і застацца без аплаты, ці зрабіць зніжку.

Растаўчанка пагадзілася «пацярпець жах» тры тыдні і заплаціла поўны кошт. Паабяцала пакінуць негатыўны водгук, бо больш жудасных пазногцяў быццам у яе ніколі не было. Але праз некаторы час напісала, што ўсё добра і паспрабавала запісацца на педыкюр — Крысціна адмовіла.

Расіянка абяцала ў сваім блогу распавесці падпісчыкам пра жах, які адбываецца ў беларускай б’юці-сферы. А пасля гэтага апублікавала сторыс пра тое, як моцна расчараваная: бо чакала, што прыйдзе да прыгожай майстрыхі, а пабачыла звычайную дзяўчыну. Ну і зноў паліла брудам усіх беларускіх жанчын.

Чытайце таксама:

«Як толькі чуюць пра Расію — дык усё… У чым праблема?» У Мінску не хочуць здаваць кватэру чалавеку з расійскім пашпартам

«Дзеці схадзілі ў садок два дні. І я ўжо хачу забраць дакументы»: расіянка з Крыма ў шаленстве ад беларускага садка

«Мы думалі, Мінск — калгасны горад». Расіянка шчыра здзівілася, чаму адграбла ў тыктоку ад беларусаў

«Ты зачапіла маю радзіму — і гэта подла». Рэперка з Беларусі запісала адказ Інстасамцы. Моладзь цяпер масава здымае пад яго тыктокі

Каментары да артыкула