Расія кансультуе Іран, як абыходзіцца з іранскімі дронамі
Паводле інфармацыі тэлеканала CNN са спасылкай на крыніцу ў заходняй разведцы, Расія кансультуе Іран аб выкарыстанні беспілотнікаў-«шахедаў» для нанясення ўдараў па амерыканскіх аб’ектах і краінах Персідскага заліва.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP Photo / Efrem Lukatsky
Паводле слоў крыніцы CNN, Тэгеран атрымлівае ад Масквы перадавыя тактычныя прыёмы, якія раней выкарыстоўваліся ў вайне супраць Украіны.
Раней паведамлялася, што Расія перадае Ірану разведвальную інфармацыю пра магчымыя мішэні. Аднак кансультацыі па тактыцы ўдараў лічацца новым узроўнем падтрымкі. Гэта выклікае ўсё большую занепакоенасць у заходніх краін. Пры гэтым крыніца CNN не раскрыла іншых падрабязнасцяў такой дапамогі.
Была інфармацыя, што Расія нібыта перадавала Ірану даныя пра месцазнаходжанне амерыканскіх вайсковых аб’ектаў, у тым ліку караблёў і самалётаў. Спецпасланнік Дональда Трампа па Блізкім Усходзе Стыў Уіткаф, праўда, заяўляў, што Уладзімір Пуцін падчас размовы з амерыканскім прэзідэнтам адмаўляў перадачу такой інфармацыі Ірану. Паводле яго слоў, тое ж самае сцвярджаў і памочнік Пуціна Юрый Ушакоў.
На фоне гэтых падзей Украіна накіравала ў Іарданію беспілотнікі-перахопнікі і групу спецыялістаў па БПЛА для абароны амерыканскіх вайсковых баз. Паводле слоў Уладзіміра Зяленскага, ЗША папрасілі пра такую дапамогу 5 сакавіка, пасля чаго ўкраінская каманда была аператыўна накіраваная ў рэгіён.
Чытайце таксама:
Трамп пазваніў Пуціну, каб абмеркаваць Іран і Украіну