Маджтаба Хаменеі выступіў з першым зваротам у якасці вярхоўнага лідара Ірана. Яго пачулі, але не пабачылі
Новы вярхоўны лідар Ірана Маджтаба Хаменеі ўпершыню выступіў з публічным зваротам пасля свайго прызначэння на пасаду Радай экспертаў. Праўда, сам у эфіры не паказаўся — ягоную заяву проста зачыталі на дзяржаўным тэлебачанні краіны.
Маджтаба Хаменеі (у цэнтры) у 2019 годзе. Фота: AP Photo/Vahid Salemi
У звароце Хаменеі заявіў, што Армузскі праліў, праз які праходзіць каля пятай часткі сусветных паставак нафты, павінен заставацца закрытым як «інструмент ціску».
Ён таксама адзначыў, што Іран імкнецца падтрымліваць дружалюбныя адносіны з суседнімі краінамі, але падкрэсліў, што іранскія вайскоўцы наносяць удары толькі па амерыканскіх вайсковых базах на іх тэрыторыі. Паводле яго слоў, усе базы ЗША ў рэгіёне павінны быць неадкладна закрытыя, інакш яны будуць падвяргацца атакам.
Таксама ён прыгразіў адкрыццём «іншых франтоў» у канфлікце Ірана з ЗША і Ізраілем, калі баявыя дзеянні працягнуцца.
Хаменеі ні разу не з’яўляўся на публіцы ўсе некалькі дзён пасля абвяшчэння яго новым кіраўніком краіны. Раней СМІ паведамлялі, што ён мог атрымаць траўмы падчас амерыкана-ізраільскіх удараў, у выніку якіх загінуў яго бацька — былы вярхоўны лідар Ірана аятала Алі Хаменеі.
Паводле інфармацыі CNN, у першы дзень бамбардзіровак Маджтаба Хаменіі атрымаў пералом ступні і некалькі нязначных траўм. У той жа час праз адсутнасць Хаменеі ў публічнай прасторы ходзяць чуткі, што ягоныя траўмы могуць быць куды больш сур'ёзнымі.
Той факт, што Маджтабу Хаменеі дагэтуль не паказвалі дзяржаўныя іранскія СМІ, прывёў да шырокага распаўсюджвання спекуляцый у сацсетках, асабліва ў асяроддзі іранскай дыяспары, пра тое, што новы вярхоўны лідар Ірана паранены вельмі моцна, калі ўвогуле жывы.
Чытайце таксама:
Улады Ірана прызналі, што новы вярхоўны лідар паранены — пералом ступні і парэзы на твары
Патрыярх Кірыл назваў новага вярхоўнага лідара Ірана «дарагім братам»
Расія папярэджвала Алі Хаменеі пра ўдар, але той нібыта абраў пакутніцкую смерць